Касметычнае смецце (зіма-2016)

Mar 18, 2016 23:03

Зацягнула я тут са сваім "сметнікам", але вось выпраўляюся:

ТВАР




Мініяцюра тушы для веек Givenchy (Францыя) - у мяне з ёю адбылася любоў з першага выкарыстання. Шыкоўная туш, але, на жаль, вельмі дарагая. Пакуль купляць не буду.

Сурвэткі для маціравання Беліта (Беларусь, зроблена ў Кітаі) - харошыя. Пісала пра іх тут.

Сурвэткі для абсарбіравання Artdeco (Германия) - ужо некалі купляла. Я ж нарэшце зразумела розніцу паміж сурвэткамі для маціравання і абсарбіравання. Ад апошніх я памылкова чакала яшчэ і маціравання. Самі па сабе яны неблагія (+ зручна дастаюцца), але перавагу я ўсё ж аддаю маціраванню.

Маска Elixir IXXI (Францыя) - прызначаная для карэкцыі мімічных зморшчынак. Аптэчная марка. За гэты час, што я карысталася гэтай маскай (1 раз на тыдзень) некаторыя зморшчынкі, сапраўды, сталі менш выразнымі. Але, падазраю, што гэтаму садзейнічалі не толькі маска, а і іншыя сродкі, якія былі ў арсенале. Асабліва не ўразіла.

Сродак для карэкцыі мімічных зморшчынак вакол вачэй Elixir IXXI (Францыя) - крэм-гель, выкарыстоўваецца як звычайны крэм. Тэрмін прыдатнасці пасля адкрыцця - шэсць месяцаў. Спадабаўся. Прыемны і нават трохі працуе. Цудаў, канешне, не робіць, але тое-сёе прыбірае. Расходуецца хутка - выкарыстала датэрмінова.

Себанармалізуючая маска Bioderma (Францыя) - адразу пасля выкарыстання - прыемнае адчуванне чыстай і матавай скуры, але яно хутка ў мяне праходзіла. Эфекту накаплення таксама не заўважыла, хаця тут можа быць і мая недапрацоўка, бо карысталася ёю не так рэгулярна. Купляць у другі раз пакуль не збіраюся.

Крэм супраць акнэ 100 % Pure(ЗША) - можна выкарыстоўваць лакальна і на ўвесь твар (пры неабходнасці). Не скажу як з акнэ (нешта я на яго забывалася ў падобных сітуацыях), а вось з няроўнасцямі спраўляецца няблага (але горш, чым падобны сродак ад Жываншы). Рэкамендуецца выкарыстоўваць на ноч і не часцей, чым два разы на тыдзень. Што не спадабалася: не поўная туба і да канца яна не спрацоўвае. Для таго, каб скарыстацц сродкам цалкам, давялося разразаць тубу і даставаць сродак пальцам. Каб можна было ўявіць сапраўдныя маштабы трагедыі: разрэзаўшы, я карысталася ім, дакладна, больш за месяц. А сродак, між іншым, далёка не бюджэтны!

Маска для ўвільгатнення ад L’OCCITANE (Францыя) - харошая, хоць і гелевая (мне больш з крэмавай тэкстурай падабаюцца). Прыемны пах.

Кіслотная маска для адбельвання Беліта-Вітэкс (Беларусь) - купляю не першы раз. Купіла зноў ужо адноўленую версію. У новай “старой” ёсць адрозненне: яна не такая вадкая, а так, здаецца, нічым больш не адрозніваюцца.

Мініяцюра геля для ўмывання ад Clinique (ЗША) - некалі ў мяне была поўная версія. Харошы.

Пробнік крэма-сарбета з серыі “Hydra Life” ад Dior для нармальнай і камбінаванай скуры (Францыя) - спадабаўся. Лёгкі і не ліпкі.

Пробнікі геля для ўмывння і крэм-геля ад Acnecinamide (Велікабрытанія) - неблагія. У геля цікавы пах.

Пробнікі начнога крэма для ўсіх тыпаў скуры і крэма для вачэй ад Nuxe (Францыя) - таксама неблагія.

Начны крэм для ўвільгатнення і рэгенерацыі Iris ад Weleda (Германія) - для мяне аказаўся трохі важкім, а вось уладальніцам сухой скуры, думаю, можа і падысці. Адзначу нязручнасць упакоўкі: праз некаторы час з’явіліся шчыліны, з якіх пастаянна выціскаўся крэм.

ЦЕЛА




Гель для душа Isana ад Rossmann (Германія) - пісала раней. Харошы.

Масла для цела “Ружы і віно” ад Afrodita spa emotion (Балгарыя) - калі па праўдзе, я сабе гэты крэм (а гэта менавіта крэм, а не масла) не купіла б - мне яго падарылі (гэта не той крэм для цела, пра які я тут пісала, калі што). А не купіла б найпер праз дызайн - надта папсова-ружовы. Ды і пах ружы, як ужо пісала неяк раней, не вельмі люблю. Але ў гэтым крэме мне спадабаўся і эфект, і пах.

Гель для душа грэйпфрутавы Thq Bodi Shop (Велікабрытанія) - гэта мусіць самы грэйпфрутавы з усіх грэйпфрутавых. Ад яго паху я адчувала смак грэйпфрута ў роце. Вельмі спадабаўся.

Крэм-мыла для інтымнай гігіены для далікатнай скуры Bielita (Беларусь) - купляю часта. І зноў купіла.

Гель для душа Маліна і Півоня Le Petit Marseillais (Францыя) - харошы.

Скраб для цела “Сібірскія кедровыя арэхі і арганічнае масла малін” ад Planeta Organica (Расія) - пах мяне не ўразіў, затое натхнілася на пакупку скраба гэтай серыі, але з іншым пахам. Мая другая пакупка мне спадабалася больш.

Масла для ванны Wellness Relax ад Herbavera (Чэхія) - ужо пісала.




Скраб для рук і ног Bielenda (Польша) - выкарыстоўвала для ног. Неблагі, паўтарыла б нават, але ў крамах нашых не бачыла. Ён, канешне, слабаваты, калі параўноўваць з папярэднім ( Schol), але эфект усё ж дае.

Насычаны крэм для рук Nordic Flora Modum (Беларусь) - насычанасці не хапала. Не спадабаўся.

Бальзам-рэгенератар для догляду за сухой скурай рук Liv Delano (Беларусь) - не спадабаўся ні пах, ні эфект. Пах, як па мне, вельмі моцны і вельмі касметычны, працяглы час трымаецца на скуры. Пры іншых абставінах апошняя характарыстыка магла б лічыцца плюсам, але не тут. Першапачаткова я не магла зразумець, чаго і чым у мяне смярдзяць рукі. Таму мыла з мылам, мазала крэмам і пасля зноў “не разумела”. І я гэта без жартаў : ). Зразумела, што сродкі для цела гэтай маркі не маё, і, перш за ўсё, менавіта праз аддушкі. Але я ўпэўнена, што многім такія пахі могуць падабацца. Цяпер - пра эфект. Тут напісана, што крэм “надзейна абараняе скуру ад недахопу вільгаці і перападаў тэмператур”. Не ведаю, як там з апошнім, бо карысталася гэтым бальзамам выключна дома. А вось недахоп вільгаці я пачынала адчуваць адразу пасля нанясення крэма на скуру. Эх, а туба ж такая сімпатычная!..

Крэм для ўвільгатнення скуры рук “Ружа” ад Jeanne En Provence (Францыя) - так сабе.

Крэм для рук ад Oriflame (з ліміціраванага набору) (Швецыя, выраблена ў Польшы) - нармальны.

Крэм ад сухіх мазалёў Foot Care ад Беліта-Вітэкс (Беларусь) - прыемна ўразіў. З усіх бюджэтных крэмаў гэты, мусіць, адзін з лепшых. Пад уражаннем прыкупіла яшчэ некалькі крэмаў для ног гэтай серыі, адзін з іх таксама хутка скончыцца. Аднак гэты пакуль у лідэрах.

Крэм для рук з віннай серыі ад Manufaktura (Чэхія) - прыемны пах, даволі насычаны. Пасля нанясення на скуры адчуваецца тлустасць, але крэм хутка ўпітваецца - і ніякіх непрыемных адчуванняў.

Дэзадарант мужчынскі L’occitan (Францыя) - хутчэй не спадабаўся, чым спадабаўся. Працаваў перыядычна, заканамернасці ў гэтай перыядычнасці я так і не заўважыла. І дарагі як для такой якасці. А купіла я яго ў роспачы пасля таго, як не знайшла аналагічны прадукт у краме сеткі “ Іў Рашэ” (сказалі, што знялі з вытворчасці).

Пробнік парфумы “PLAY for her ад Givenchy (Францыя) - не ўразіла.

Бальзам для ног №36 з АНА-кіслотамі (Польша) - не спадабаўся.

Соль для ванны вырашыла не фатаграфаваць. Яна - як тут, але розная. Скончыла пяць пачкаў. Праўда, на гэты раз якасць мне не спадабалася, бо соль  была брудная.

ВАЛАСЫ




Кандыцыянер для кучаравых валасоў з экстрактам ружы Angel En Provence (Францыя) - спадабаўся. Купляла па акцыі разам з шампунем (у падарунак атрымала мініяцюру шампуня + ручнік). Хацела паўтарыць, але не знайшла ў продажы.

Забыла сфатаграфаваць разам са сродкамі для твару, таму паказваю тут: бальзам для вуснаў Cermex - у мяне класічны варыянт. Пачала карыстацца, калі вусны былі не ў самым лепшым стане - вельмі пасохлі летам (такое са мной ўпершыню). Дык вось гэты бальзам хутка прывёў іх у норму. З бонусаў - пэўны час пасля нанясення на вуснах прыемнае адчуванне холаду.

Мініяцюра шампуня для пафарбаваных валасоў Angel Professional (Францыя) - не магу сказаць, як шампунь уздзейнічае на працэс вымывання фарбы, але сам па сабе неблагі.

Сродак для кудзераў No inhibition ад Z.one concept (Італія) - неблагі. Спадабаўся, але дазатар зламаўся праз некалькі разоў выкарыстання. Даводзілася яго пастаянна раскручваць і даставаць. Купіла аналагічны сродак іншай фірмы.

сметніца, Я, касметыка

Previous post Next post
Up