Працягваю паказваць сродкі, што скончыліся гэтай восенню. Сёння - асноўны і дадатковы догляд, плюс трохі дэкаратыўнай касметыкі:
1. Дэтокс-маска Clarimatte ад Ren (Велікабрытанія) - харошая маска, але без захапленняў. Такіх шмат. Паўтараць пакуль не планую.
2. Вітамінная крэм-маска ад Koko dermaviduals (Германія) - гэта прафесійная марка. Маска мне спадабалася. Яна прызначана для аднаўлення і ўвільгатнення скуры. Мае шчыльную крэмавую тэкстуру, добра паглынаецца скурай, але пры гэтым застаецца нейкі тлусты фініш. На жаль, на самой упакоўцы ніякай інструкцыі па выкарыстанні сродку не было, а шукаць я паленавалася, - таму выкарыстоўвала інтуітыўна: трымала недзе 10-15 хвілін на скуры пасля пілінгу і ачышчальнай маскі, пасля чаго змымала. Эфект я бачыла і ён мяне задавальняў: скура выглядала насычанай, увільгатнёнай і шчыльнай, я б сказала. Але вось на адным сайце, калі пачала рыхтаваць гэты допіс і вырашыла трохі пачытаць пра марку, знайшла рэкамендацыю: нанесці кругавымі рухамі, лішкі выдаліць, але не змываць. Не ведаю, як з такой методыкай, але мой спосаб выкарыстання, паўтаруся, таксама працуе.
3. Крэм для ўвільгатнення скуры ад Green people (Велікабрытанія) - гэта мініяцюра з набора мініяцюр. Хапіла на некалькі месяцаў, пры гэтым наносіла гэты крэм і на твар, і на шыю. Сам сродак аказаўся для маёй камбінаванай і схільнай да тлустасці скуры трохі важкім, таму на твар наносіла вельмі тонкім слоем і без асаблівага задавальнення. Сродкі з гэтай серыі, як паказала практыка, не зусім мне падышлі. Хоць нічога дрэннага пра іх я і не магу сказаць - проста не маё. Але людзям з сухой скурай гэты крэм можа быць самае тое.
4. Крэм пад вочы для скуры 30+ ад Tołpa (Польшча) - асаблівых нараканняў на яго няма. Прыемны крэм з лёгкім эфектам увільгатнення. Я б рэкамендавала яго для маладзейшай аўдыторыі, але і сама з прыемнасцю выкарыстала. Не выключаю магчымасці паўтору, калі буду ў Польшчы.
5. Мініяцюра крэма ад Andalou (ЗША) - пах ярка выражаны. Мяне гэта раздражняе. Ды і сам сродак неяк не ўразіў. Жадання набыць крэм паўнавартаснага аб’ёму не ўзнікла.
6. Кампактная пудра з эфектам маціравання Weightless perfection SPF/ FPS 30 ад Kiko Milano (Італія) - кладзецца шчыльна (магчыма, гэта трохі заўважна на твары), але мне яна спадабалася. Ужо паўтарыла.
7. Маска для ўвільгатнення MicroSilver BG ад CNC (Германія) - маска сама па сабе і неблагая, але для мяне была трохі цяжкаватай. Паўтараць не планую.
8. Аловак для вачэй ад ARTDECO - купляла даўно. Чаму дасюль не выкінула, не ведаю. Раней набывала іх рэгулярна, але зараз у мяне іншыя любімчыкі.
9. Мініяцюра ачышчальнай маскі ад Suki (ЗША) - гэта мініяцюра з набора мініяцюр. Вельмі мініяцюрнага набора мініяцюр, як аказалася. Баялася, што з такой тары я нічога не дастану. Але маска сама па сабе даволі вадкая. Можна было расцягнуць на два разы, але я не хацела рызыкаваць (каб не засохла, як іх скраб) і цыркацца таксама не хацелася. Таму выкарыстала за раз. Цяпер пра маску: прыемны і якасны сродак. Але за такія грошы, колькі каштуе гэтая маска, купляць неяк не хочацца.
10. Памякчальны бальзам з маслам шы ад Out of Africa (ЗША) - не ўразіў. Спачатку быў вельмі цвёрдым, а пад канец - надта вадкім. Выкарыстоўвала ў якасці хатняга бальзама для вуснаў. Не скажу, што неяк добра памякчаў скуру. Паўтараць не планую.
11. Сываратка Hydra8 B5 ад Medik8 (Велікабрытанія) - сываратка для ўвільгатнення скуры. Празрысты лёгкі гель. Звычайна карысталася на ноч. Дзвюх кропель хапала на твар і шыю. У прынцыпе, эфект ёсць: скура выглядала насычанай. Пакуль, праўда, паўтараць не планую.
12. Пробнік крэма MicroSilver BG ад CNC (Германія) - пробніка хапіла недзе на тыдзень. Выкарыстоўвала ў якасці начнога крэма. Нейкага эфекту на скуры не заўважыла: проста неблагі крэм шчыльнай кансінстэнцыі. Спецыяльна шукаць яго не планую.
13. Крэм пад вочы ад The emu oil well - крэм гэты я магла і не ацаніць, калі б іншы крэм не “папаліў” мне скуру пад вачамі. Менавіта гэты крэм ратаваў яе двойчы, амаль імгненна прыбіраючы раздражненне. Таму пазней, напэўна, калі будзе такая магчымасць, замоўлю зноў. І хацелася б яшчэ што-небудзь паспрабаваць у гэтай маркі.
14. Сурвэткі для маціравання Selfie project (Польшча) - так сабе. Яны больш абсарбіруюць, а не маціруюць. Ліпучка, з дапамогай якой можна было іх даставаць, вельмі хутка адарвалася. Даводзілася даставаць самастойна, а па адной вылазіць яны нешта не вельмі любяць. Паўтараць не планую.У мяне яшчэ ёсць тое-сёе ў загашніку, але, па праўдзе, апошнім часам я вельмі рэдка карыстаюся падобнымі сурвэткамі. Нават летам не адчувала ў іх такой патрэбы. І гэта - дзякуючы азіяцкім сродкам ад загару.