Click to view
Ажно з канца мінулага года пераважнай большасці абвінавачаных у справе Плошчы, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ, не дазваляюць сустрэцца з адвакатамі. У сем’ях палітвязняў нічога не ведаюць нават пра здароўе сваіх блізкіх.
Жонка Змітра Бандарэнкі збірае яму перадачы і піша лісты. На выбарах Зміцер быў даверанай асобаю кандыдата Андрэй Саннікава. Цяпер абодва ў СІЗА КДБ. Ці прапусцяць за краты хоць штосьці з перадаванага і як пачуваецца зняволены - невядома. Зваротнай сувязі няма.
ВОЛЬГА БАНДАРЭНКА, ЖОНКА ЗМІТРА БАНДАРЭНКІ:
«Я ўвогуле не ведаю, што з ім. Хаця б даведацца, ці ён жывы, і ўсё».
Сваякі разам з адвакатамі пішуць скаргі. Так, толькі сёння жонка экс-кандыдата Вольга Някляева накіравала заявы кіраўніку КДБ, міністру юстыцыі, пракурору Менску і ў Менскі гарадскі суд. Сутнасць зваротаў: КДБ пазбавіла абвінавачаных права на абарону, бо не пускае да іх адвакатаў.
ТАМАРА СІДАРЭНКА, АДВАКАТКА У. НЯКЛЯЕВА:
"Тройчы пісалі скаргі, па першых днях яшчэ, у снежні 2010-га, у Генеральную пракуратуру рэспублікі. Праз нейкі час я атрымала адказ, што скаргі перанакіраваныя ў пракуратуру гораду Менску».
А пракуратура Менску прапаноўвае скардзіцца ў сам КДБ і агучвае знаёмае да болю «ў выніку праверкі парушэнняў не знойдзена».
СЯРГЕЙ БАРЫСЕНКА, ПРАКУРАТУРА Г. МЕНСКУ:
"Усе асобы, затрыманыя па гэтай крымінальнай справе ў якасці падазраваных, органам крымінальнага пераследу забяспечаныя адвакатамі і іх права на абарону захаванае".
Аднак толькі адвакатка Сяргея Вазняка, даверанай асобы Някляева, можа пахваліцца, што бачыла свайго падабароннага. Яе - толькі на следчыя дзеянні - выклікалі самі камітэтнікі. Але чаму не пускаюць адвакатаў да астатніх?
ВАЛЯНЦІН СТЭФАНОВІЧ, ПРАВААБАРОНЦА:
«Мы бачым, што ўлады вельмі занепакоеныя тым, што гавораць адвакаты, не пра матэрыялы справы, а пра стан здароўя і ўмовы, ў якіх знаходзяцца іх падабаронныя».
СВЯТЛАНА ЛЯБЕДЗЬКА, ЖОНКА АНАТОЛЯ ЛЯБЕДЗЬКІ:
"Я лічу, што гэта свайго роду калі не фізычныя, але псіхалагічныя катаванні. Ня толькі іх, хто знаходзіцца за кратамі, але, ў тым ліку, і сваякоў»
І жонка старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі, і іншыя сваякі арыштаваных мала спадзяюцца на закон, разлічваючы больш на салідарнасць і ўзаемную дапамогу.
Марцін Ярскі,
“Аб'ектыў”