10 студзеня суд Ленінскага раёна Брэста ў чарговы раз вярнуў на дапрацоўку ў райаддзел міліцыі справу аб адміністрацыйным правапарушэнні актывіста руху "За Свабоду" Канстанціна Турчаняка, паведамляе
БелаПАН.
19 снежня Турчаняк са сваімі сябрамі прагульваўся на плошчы Леніна ў Брэсце, дзе і быў затрыманы міліцыянерамі пры спробе запусціць кітайскі ліхтарык. У РАУС, дзе Турчаняк правёў усю ноч, на яго быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на падставе артыкула 17.1 КоАП. У віну яму ставілася нецэнзурная лаянка ў прысутнасці супрацоўнікаў міліцыі, якія і выступілі сведкамі па гэтай справе.
Прайшло ўжо пяць пасяджэнняў суда, змяніўся суддзя, некалькі разоў перапісваліся пратаколы аб нібыта ўчыненым правапарушэнні, але праваахоўнікам так і не ўдалося даказаць віну Канстанціна Турчаняка. У выніку справа ўжо ў другі раз вернута на дапрацоўку ў Ленінскі РАУС Брэста. У сваёй пастанове суддзя Алена Дзенісенка зазначае, што "незразумела, па якіх прычынах органам, які вядзе адміністрацыйны працэс, зроблена выснова пра тое, што ў суб'ектыўным баку дзеянняў Турчаняка К.В. прысутнічае хуліганскі матыў. Апрача таго Турчаняк патлумачыў, што ў 23.00 19 снежня ужо быў затрыманы, знаходзіўся ў міліцэйскім аўтамабілі і не мог у згаданы перыяд часу нецэнзурна лаяцца на плошчы Леніна".
"У пратаколе шмат недапрацовак, ён складзены няправільна, з выкарыстаннем дзвюх відаў "чарніл", - кажа Канстанцін Турчаняк. - З'явіўся нейкі новы грамадзянін, гэта значыць міліцыя яўна хлусіць. На апошнім пасяджэнні суддзя прыстойна паводзіла сябе і адправіла справу на дапрацоўку таму, хто яе фабрыкуе".
Паводле ацэнкі брэсцкага праваабаронцы Рамана Кісляка, падчас судовага пасяджэння выяўлены шэраг працэсуальных парушэнняў, а таксама парушэнняў грамадзянскіх правоў Турчаняка, публічнасці і непрадузятасці працэсу, што робіць немагчымым далейшы разгляд гэтай справы.
халера, зноў мне гэтую торбу цягнуць )
Расейскамоўная версыя развіцця падзей