(no subject)

Oct 26, 2015 07:49

ЦІ ПАТРЭБНА ГАЛАВА ПРЫ РУЧНЫМ КІРАВАННІ?
Леаніда Козіка - на арэну! Тэрмінова! Як толькі псеўдапрафсаюзнага недарэку прагналі з Федэрацыі, ён недзе адразу схаваўся, запоўз у шчыліну - не знайсці. А цікава было б даведацца, што зараз былы начальнік думае наконт вылучэння Аляксандра Лукашэнкі на Нобелеўскую прэмію па эканоміцы. Быў жа ініцыятарам, рваў на кашулі гузікі і на ўсе галасы славіў беларускую эканамічную мадэль. І зразумела, яе галоўнага аўтара. Дзе ж імпэт дзеўся?! Ужо варта ўручаць узнагароды (адпаведныя!) аўтарам.
Адзін з самых цікавых (і да таго ж - клас - лаканічных), эканамічных аглядаў выдаў днямі Леанід Заіка. Я не занатоўваў яго і не запамінаў слова ў слова, але сэнс такі: на мільярды, якія дзяржава ўкінула ў мадэрнізацыю апрацоўкі драўніны (фактычна: прэсаванне пліт з пілавіння!), можна было б пабудаваць некалькі аўтамабільных заводаў.
Цяпер зразумела, чаго вартая тая мадэрнізацыя?! Яна, дарэчы, праводзілася пад непасрэдным наглядам Аляксандра Лукашэнкі. У 2012 годзе ён наведваў Івацэвічыдрэў, у тым жа годзе - Барысаўдрэў, і ў 2013 - зноў Барысаўдрэў. На абодвух прадпрыемствах звальнялі дырэктараў, а барысаўскага нават за краты кінулі. Ды што там дырэктары? У адрас старшыні аблвыканкама Барыса Батуры гучалі такія абвіначванні, што можна было торбу з сухарамі пакаваць.
Яшчэ раней адбылося будаўніцтва завода газетнай паперы ў Шклове. Уся праўда пра яго невядомая, але інфармацыя пра тое, як у Петразаводску было куплена ламачча пад выглядам асноўнай машыны, яго забіралі з-пад плоту. Потым пачалося гойсанне па Заходняй Еўропе, пошук камплектуючых вузлоў… Некалькі гадоў прайшлі ў ажыўленні таго петразаводскага ламачча. Віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка год ці два не вылазіў з той новабудоўлі. Колькі грошай змарнавана, нам не скажуць. Цяперашні дырэктар завода газетнай паперы ў інтэрвію хваліўся, што 70 адсоткаў прадукцыі купляюць за межы краіны. Праўда, ён не стаў хаваць і другое: 2013-14 гады былі для прадпрыемства стратнымі, на 2015 ёсць падставы для аптымізму. Падставы былі і 10 гадоў таму…
Фактычна гэтай вытворчай галіной кіравалі, як любяць гаварыць беларускае чынавенства, у ручным рэжыме. Усе ведаюць, пра чые рукі ідзе гаворка. Чые галовы пры гэтым напружваліся, невядома.
Міхаіл Мясніковіч, яшчэ пры партфелі прэм’ер-міністра, бэсціў кіраўнікоў дрэваапрацоўчай галіны, маўляў, праспалі, пакуль вы чухаліся, расіяне паспелі запусціць дзесяткі сучаных заводаў. Дарэчы, і вытворчасць газетнай паперы ў свеце лічыцца глабальна больш, чым дастатковым. Не наловіш там фінансавых залатых карасёў!
Дзеля чаго мы тады пляжым беларускія лясы?
Начальнікі самакрытыкі не паважаюць, яны нават не ведаюць, што гэта за страва такая, а ў дадзеным выпадку пазіцыя і паводзіны кіраўніка ўраду (якую галіну для мадэрнізацыі выбраць, які завод пераабсталяваць) значыла больш, чым пажаданні дырэктараў заводаў.
Не пералічыць, колькі праведзена нарад, высокія чыноўнікі скрэмзалі дзесяткі блакнотаў. Адзінае, што яны робяць на тых нарадах, натуральна, як школьнікі-невукі: уваткнуць вочы ў стол, каб не справакаваць лішнюю ўвагу галоўнага, і страчыць абышто на паперы. Той жа Кабякоў можа выдаць шматтомны збор уласных крамзалёў, гадамі праціраючы дарагія штаны на казённых крэслах.
І яшчэ крышачку пра ручное кіраванне. Здавалася б, дзе эканаміка, а дзе хакей? Поруч! Хакей - асаблівы від спорту ў нашай краіне. Гэта нават і не від спорту, яго начальнікі недарэмна называюць сацыяльным праектам. Удалым праектам. Яшчэ б, публіка валам валіць на “Мінск - Арэна” і раве там то ад радасці, то ад гора. Цяжка сказаць, якую частку грошай вяртаюць тыя матчы, больш-менш дасведчаныя людзі кажуць, што крыху больш паловы, астатняе бярэцца з бюджэта сталіцы, гэта толькі на эксплуатацыю арэны. А траты на каманду?! Сацыяльны праект стаў нечым накшталт знакамітага чамадана без ручкі альбо нават каменем на шыі. Грошай ён з’ядае процьму, і апетыт не памяншаецца.
Былы рэдактар газеты “Пресс-бол” Беражкоў у вязніцы. Менавіта пад яго рэдактарствам газета неаднойчы пісала пра афёры з фінансаваннем хакею. Менавіта Беражкоў, перакінуты на пасаду генеральнага дырэктара хакейнага клубу “Дынама” ў адкрытую гаварыў пра тое, што ў беларускім хакеі ўсе ваююць супраць усіх.
Беспрэцэдэнтна: хакеісты “Дынама” звярнуліся да Лукашэнкі з лістом у абарону ў абарону Беражкова. Гэта яшчэ адзін доказ, што абвінавачванні былога гендырэктара надуманыя. Тым часам звальняюць галоўнага трэнера “Дынама” Любаміра Покавіча. Зноў-такі беспрэцэдэнтна ў друку з’яўдяюцца заявы памочніка прэзідэнта Рыжанкова, старшыні хакейнай федэрацыі Рачкоўскага і міністра спорта ?. толькі некаторыя штрыхі з гэтых заяў: ніводзін не бярэ на сябе адказнасць за незайдросны стан галоўнага віду спорта; ніводзін не называе прозвішча таго, хто ж кіруе хакеем; усе згаджаюцца, што хакей самы пражэрлівы від спорту.
Пагэтаму і ўзнікае пытанне: якое значэнне маюць галовы пры ручным кіраванні эканомікай.
Previous post Next post
Up