(no subject)

Apr 06, 2015 07:48

Штатныя і добраахвотныя так званыя крэатыўшчыкі шчыруюць адно перад другім, як лепш адзначыць юбілей перамогі, як адметней павіншаваць ветэранаў. Адна паважаная цётухна прапанавала дазволіць жывым яшчэ ўдзельнікам вайны бясплатна наведаць кінатэатры. І паколькі яны людзі сталага веку, і большасць з іх, нямоглыя, то прапусціць на сеансы і суправаджаючых асоб. Паколькі даўнія фільмы пра вайну яны могуць прагледзець і па тэлевізары, то прапанаваць рэпертуар з новых кінастужак.
У ліку прапаноў і абеды ў рэстарацыях, бясплатныя альбо за сімвалічны кошт…
Яшчэ: сабраць дзядуль і бабуль у музеі вайны…
Усё гэта і гэтаму падобнае - забавы, гульні дарослых, не выйшаўшых з дзяцінства.
З услаўленнем пераможцаў мы спазніліся на 70 гадоў. Гэта і драма, і трагедыя: салдаты, ацалеўшыя на франтах і ў другіх месцах жорсткіх баёў, так і не атрымалі магчымасці пабудаваць нармальнае жыццё для сябе і для сваіх патомкаў.
Салдаты вялікай Перамогі сталі прыгоннымі ў сваёй дзяржаве. Новы музей вайны, пабудаваны ў Мінску, перадае пасляваеннае жыццё сусальным малюнкам. Небагаты пакойчык, стол, стул, патэфон, вешалка… А калгаснікам і рабочым было доўгі час не да патэфонаў. Мой бацька, удзельнік двух войнаў, фінскай і Вялікай Айчыннай, і праз 15 гадоў пасля Перамогі з цяжкасцю здабываў лес на хату. Дазволіць сабе пабудаваць нешта крыху лепшае, хоць крышку падобнае на тое, што ён бачыў у селішчах Германіі і Польшы, не было аніякай магчымасці. Ён бедаваў, што жыхарам вёсак не дазвалялі трымаць у гаспадарцы каня. Палёгку мелі толькі цыганы і аднаасобнікі. Цыганом ён стаць не мог, аднаасобнікам - баяўся, бо гэтыя людзі ставілі сябе паза савецкімі законамі. Не дазвалялася трымаць лішнюю авечку, гуся, качку, пералічвалі колькасць яблынь каля хаты…За лішняе, з пункту гледжання бюракрата, здзіралі падатак.
Вартасць ваеннай перамогі трэба было вымяраць не бразгатаннем медалёў, не грукатам парадаў і афіцыйнай балбатнёй, а цвярозым параўнаннем, як жыве чалавек у краіне пераможцаў, і як - у раздушанай краіне. Праз дзесяць, дваццаць, трыццаць, сорак… і праз семдзесят гадоў. Тады б станавілася ясна, хто ж у выніку выйграў, а хто прайграў.
Дазволю сабе працытаваць вялікага рускага пісьменніка Віктара Астаф’ева, дарэчы, самага сапраўднага франтавіка:
“Сколько потеряли народа в войну-то? Знаете ведь и помните. Страшно называть истинную цифру, правда? Если назвать, то вместо парадного картуза надо надевать схиму, становиться в День Победы на колени посредине России и просить у своего народа прощения за бездарно “выигранную” войну, в которой врага завалили трупами, утопили в русской крови. Не случайно ведь в Подольске, в архиве, один из главных пунктов “правил” гласит: “Не выписывать компрометирующих сведений о командирах Совармии”.
Гэта кароценькая цытата - з кнігі лістоў Віктара Астаф’ева “Нет мне ответа… Эпістолярный дневнік 1952 - 2001 годы”. У ёй -аналіз усіх асноўных франтавых аперацый вайны. Выдаўца кнігі Генадзя Сапронава служакі прапаноўвалі нават расстраляць.
Мы не маем гісторыі вайны, нас па-ранейшаму пужаюць, маўляў, мы не дазволім скрасці гераічную гісторыю.
Previous post Next post
Up