Вакацыі

Nov 03, 2012 01:10

Пачаліся асеннія канікулы, але я іх зусім не адчуваю. Няма той палёгкі, якая была летам. Па-першае, самі канікулы вельмі кароценькія - усяго только тыдзень. Па-другое, мінулыя гады вакацыі пачыналіся з панядзелка, дзеці адчувалі, што цэлы тыдзень не трэба наведваць школу. А зараз усё па-іншаму: і самі канікулы пачаліся ў чацвер, і ўсё роўна ў школу хадзіць трэба. І вучням, і настаўнікам. Я згодна, што школа павінна быць напоўнена дзіцячымі галасамі, але ж вучням так хочацца проста пабыць дома, пабачыцца з бабулямі і дзядулямі, проста пагуляць на вуліцы з сябрамі. А тут мы, настаўнікі: "Не маглі б вы прыйсці заўтра а дзясятай гадзіне? А яшчэ і паслязаўтра, і ў панядзелак, і не толькі з раніцы, але і пасля абеду?"

Знайдзіце вучня, які сам на вакацыях пабяжыць у школу. Няшмат такіх, усе астатнія проста жадаюць адпачыць ад школы, ад настаўнікаў, ад школьных парт.

Напэўна, штосьці ў нашым грамадстве не так, калі дарослыя дзядзькі і цёткі свае законныя тры тыдні адпачынку сядзяць дома і нос на працу не высоўваюць, але ад дзяцей чамусьці патрабуюць адваротнае. Хіба ў спадара начальніка няма дзяцей? Хіба не хоча ён правесці выхадны дзень разам з сям'ёй? На маю думку, такімі вось прымусамі і загадамі мы толькі разбураем сем'і. Няўжо гэтага не разумее высокае начальства?

Што мне адказаць маме, якая не пусціць дзіця на запланаванае ў школе мерапрыемства? Маці хоча наведаць старэнькага дзядулю, мама жадае паехаць з сынам за пакупкамі. І яна мае на гэта права. А я чамусьці павінна ўгаворваць яе адпусціць сына ў школу, паламаць планы на дзень... Няўжо гэта правільна? Няўжо так і павінна быць?

асабiстае, школа, абсурд, адукацыя, сум, образование

Previous post Next post
Up