...Буду пісаць тое што надумалася сёння, не буду падбіраць словы, магчыма будзе пафасна, ну сталася думаю пафасна, ну ... і з гэтым.
Спадзяюся то не будзе ныццём; то дакладна не дэпрэсія, так - нейкая расчараванасьць або разгубленнасьць. Гэтыя думкі зарадзіліся шчэ тыдзень таму, у Польшчы. Там мяне пыталіся пра Беларусь, пра тое як мы жывем, пра бацьку, пра мову, пра тое чаму мы яе не ведаем. А я не ведала што сказаць.
Казаць пра Беларускі пуп зямлі? Енчыць аб таталітарызме і закатаванасьці? Скардзіцца на маскалёў і літоўцаў, што прыбралі Нашую гісторыю, культуру? Даказваць што Міцкевіч і падобныя яму гэта нашая культура? Але гэта ўсё не сур’ёзна, ды і я далёка не з усім адназначна згодна. Нешта атрымліваецца, што мы бедныя-няшчасныя, зацюканыя з усіх бакоў...
мне надта спадабалася ў Польшчы. Варшава. Ольштын.
Польшчы і Польша.Як там. Як там жывуць. Мне таксама так захацелася. Я дагэтуль была ўпэўнена, што я люблю сваю Радзіму, што маё месца тут. Але так шкада было вяртацца дадому...
Там у размове мне сказалі - “выходзь замуж за паляка, ты такая і такая, то не будзе праблемай”, прапанавалі некалькі кандыдатаў... Канешне гэта сьмешна. Што мне хадзіць з шыльдай “Вазьміця замуж!”. Тыдня знаёмства мала каб пачаць сур’ёзна думаць аб гэтым...
Мне спадабаліся палякі. Ну, менавіта мужчыны палякі...
Мала, мала часу. Зараз апантана шукаю варыянты навучання ў Польшчы. Нажаль, нажаль, спазнілася. На ўсе варыянты ўжо скончаны набор. Але, Божа, як жа хочацца ў Варшаву, у Лазенкі. І зараз, менавіта зараз...Дурніца, чаму ж я раней не вучыла моваў?
...”Добра з Зосяй бадзяцца ў Лазенках, забываючы, хто я такі...”. Напярэдадні вандроўкі зразумела сэнс песьні Вайцюшкевіча. Яна стала нефармальным гімнам у падарожжы. І шчэ Шапэн. Ён рэзка стаў сімвалічным для мяне.
А сёння канфірэнцыя ў АН. Дакладней праца маёй секцыі. Параўноўваю сваё выступленне роўна тыдзень таму ў Ольштыне. Як гэта ўсё было арганізавана, як ставяцца да цябе, да размеркавання часу паміж выступаючымі і дыскусіяй. Мне сорамна. Калі ў нас паўсюль так ставяцца да навукі як сёння, то яна насамрэч тут нікому не патрэбна. Нашто тады працаваць? Калі нават няма часу прыстойна прадставіць сваю працу. Калі дыпломы едуць ў Нясьвіж і Гомель, толькі за тое што гэта Нясьвіж і Гомель. А навукова вартыя даклады з БДУ, наогул не адзначаюцца, бо нельга ж ўсё пакідаць ў Мінску. Трэба любіць братоў нашых малодшых! (Тут, нічога асабістага супраць Нясвіжа і Гомеля няма, і гэта не менскі шавінізм, проста баліць..) І ў старшыні камісіі павінен быць такі кісла-сонны твар, які здаецца ў цябе вось-вось плюне ў цябе?
...Пасьля шла па прасьпекце і глядзела на Мінск. З’явілася супярэчлівае адчуванне. Ведаю, што я люблю гэты горад, проста так. Але мне ён не падабаецца, ну яго матэрыяльнае ўвасабленне. У мяне ўнутраны канфлікт. Гэты, мой горад не такі, ну не толькі такі, ён глыбей і шырэй. Але дзе ён?
...Божа, мне 24 гады, але я не ведаю хто я, і што такое мая краіна. Але я адчуваю холад па сьпіне, калі чую беларускую мову...
Зразумела, чаму беларусам не так проста зьездзіць за мяжу - а каб не бачылі, як можна жыць. У сур’ёз ўзнікаюць думкі каб з’ехаць, але гэта ж таксама не выйсьце. Што выходзіць тады - твая любоў да Радзімы фікцыя? Аказваецца я лёгка магу здрадзіць, з’мяніць тое, што так непакоіла на лепшае жыццё?...
Не, калі баліць, то трэба нешта рабіць. А што? Паказальнае самазагубства з крыкам “Жыве!” і пасьмяроднай мальбой каб зрабілі маю краіну Нармальнай ? А лепш масавыя такія акцыі. Каб дайшло. Але ці дойдзе?....
Карацей дэ факто культуралагічны шок. Не сьплю. Палю стоячы на фатэлі ў фортку, запаліўшы араматычную лямпу, гэта каб мама не пачула...