Бібліятэчнае

Feb 02, 2013 01:50

Недзе ў пятым класе мама запісала мяне ў бібліятэку. Я пра гэта нічога не ведала, проста аднойчы дома з'явілася тоўстая кніга ў зялёнай вокладцы пра дзяцінства і юнацтва А.С. Пушкіна. У хатняй бібліятэцы такой не было. Чытала некалькі тыдняў, шкадавала маленькага Сашу за нелюбоў маці і адзіноту, прынамсі, так падаваліся іх адносіны ў тым рамане. На той момант цяжка сабе было ўявіць большую адзіноту, за матчыну нелюбоў ці хутчэй недалюбоў, а мо' і не да канца праяўленую любоў. У нашай сям'і мама дасюль застаецца самым блізкім чалавекам для кожнага з дзяцей, хай ужо і дарослых.

Такім недалюбеным роднай мацеркай і застаўся недзе ў падсвядомасці вялікі рускі паэт на ўсё жыццё.



Мая бібліятэка, хоць сама там ніколі не была. Звычайна пісала маме спіс і з надзеяй чакала яе вяртання. Вельмі часта кніжак з майго спісу ў бібліятэцы не было, але мама прыносіла шмат (каб хапіла надоўга) іншых, незнаёмых, старых і новых кніг. Калі сярод іх траплялася нешта насамрэч захаплялнае я магла выпасці з рэчаіснасці на пэўны час...  так і жыла.

успаміны, мама, кніга

Previous post Next post
Up