Траўка зелянее

Jun 09, 2012 01:18

Учора з дачы ўсяго на адзін дзень прыяжджалі суседзі - сталая пара пад восемдзесят. Узімку суседка перанесла інсульт, пасля якога з цяжкасцю аднаўлялася. Аднак цяпер ходзіць з кіем нават па вуліцах. Суседка распавядае: "Не, гарод мы ў гэтым гаду не садзілі, толькі трошку гуркоў, морквы, бурачок, траўцы рознай, а бульбу не-е-е, не садзілі. Не тое ўжо здароўе. Расце ўсё паціху і пустазелле расце. Я ж цяпер нахіляцца не магу, а палоць трэба. Дык я кінула паміж радкоў посцілку лягла на яе бокам і рву траву. У адным месцы вырву ўсю, потым паўзу далей. Так паўзком і збольшага пачысціла гарод".

У нашых суседзяў харошыя дзеці і ўнукі. Яны дапамагаюць ім, клапацяцца як мае быць. Там і рамонт, і пральная машына аўтамат, і новы тэлевізар. Калі суседка трапіла ў бальніцу, яны ад яе не адыходзілі, па чарзе. То бок яе поўзанне па гароду не ад нэндзы. Напэўна, гэта жаданне да канца захаваць пэўную самастойнасць. А можа проста стэрэатып, бо якая ж дача без гароду?

лета, жыццё, суседзі, нашыя стэрэатыпы

Previous post Next post
Up