Віншую з Раством Хрыстовым!

Jan 07, 2011 15:48


Мае шчырыя віншаванні ўсім святкуючым сёння свята Раства Хрыстова.Некалі, мо' 15 год таму, у гэты дзень я ўпершыню трапіла ў царкву на прычасце (знаёмы вазочнік запрасіў). Сама ў ім не брала ўдзелу, бо веры не мела, была не хрышчоная і наогул мала ведала пра Хрыста, нават тое, што сёння Раство даведалася толькі са словаў пастара (не звярталі мы ў сям'і ўвагі на рэлігійныя святы). Сядзела сабе ў кутку, глядзела на людзей, калі астатнія разам маліліся - моўчкі разглядала пакой, нават заклік да агульнай малітвы "Ойча наш" не разварушый мяне звярнуцца да Бога. Людзі ўкленчылі перад Ім, а я глядзела на іх з цікаўнасцю і запытвала сама сябе: "Ці магчыма ўсё гэта рабіць шчыра, без унутранай усмешкі, без пэўнай гульні?" Потым і дома над гэтым разважала, пакуль не прыйшло ўсведамленне, што Ісус Хрыстос і цяпер жывы і не меньш рэальны, чым калісці. Ён Быў, Ёсць і Будзе. Праўда, падаўся Ён мне ў той час далёкім як амерыканскі прэзідэнт, але і вельмі даступным. У тым сэнсе, што калі звернешся да Яго, пачуе, не адкіне. І не адкідвае.
Што б там ні было ў жыцці, добра ведаць, што недзе поруч існуе абсалютнае Святло і Праўда - ніякая церма з Ім не страшная. І зноўку віншую ўсіх са святам! Няхай Божае святло ніколі не згасне ў нашых жыццях. Божай Ласкі і дапамогі ўсім нам!

святло ў цемры, Раство, свята

Previous post Next post
Up