Паштоўка для палітвязьня.

Dec 28, 2010 01:33

Сёння адправіў паштоўку ў СІЗА КДБ з каляднымі віньшаваннямі Алесю Міхалевічу. Жанчынка з глаўпаштамта фыркнула: "Вы што звар'яцелі, столькі лістоў на гэтую адную скрыню прыйшло!" Прыйшлося ёй праясніць, што пішу кандыдату, які сядзіць у "засценках " НКВД цьфу КДБ. Жанчынка ж працягвала: "Ну а куды ж іх было дзеваць?" Парыраваў, што ў 1937 годзе таксама перад вусатым уладаром стаяла праблема куды каго дзеваць, якую той паспяхова вырашыў... Жанчынка апрытоміла і вымавіла: "Ну што ж вы так, я за іх (кандыдатаў) галасавала! Але што цяпер зробіш?" Мне нічога іншага не прыйшло ў галаву, акрамя: "Адпраўце ім паштоўку..." Жанчынка заўсміхалася, яе стомлены ад працы позірк змяніўся і ў ім я пабачыў разуменне. У адказ прагучала: "Ну я падумаю."
Падумаць, гэта ўжо лепш чым тады раней, калі ў 2001 годзе разам з сябрамі я ехаў з плошчы ў тралейбусе і назіраў маўклівы шэры натоўп, які "выбраў" сабе начальніка і сам таго спужаўся. Альбо пазней у 2006, калі я за дзень да выбараў блукаў-хаваўся па горадзе і сябры з Украіны, што прыехалі да нас з памаранчовага Кіева, качалі галовамі - "У вас нічога не будзе, мы праехалі ўсю Беларусь у электрычках, людзі маўчаць..."
"Падумаю", яна пра гэта сказала, а значыць яна ўжо пра нешта падумала. Эмоцыі не хлусяць, міміка і рухі таксама пра штосьці сведчуць. Я толькі магу спадзявацца, што я правільна пра яе падумаў.
Для тых хто таксама падумаў вось каардынаты СІЗА КДБ: 220050 Рэспубліка Беларусь, Мінск, Глаўпаштамт, а/с 8, прозвішча, імя, імя па бацьку.

Салідарнасць

Previous post Next post
Up