Для беларускіх карыстальнікаў LiveJournal з’явілася адмысловая
прэмія Аловак. Добрая навіна, якая дапаможа і нашым удзельнікам хутчэй вызначыцца наконт свайго ўдзелу. З аднаго боку вельмі добра, што такая прэмія з’явілася, аднак з іншага - яна спазнілася гэтак гадоў на дзесяць. Бо росквіт LJ пачаўся ў 2006. Калі мы пачыналі MediaBarCamp у 2008 годзе LJ жыў і буяў.
Першыя пытанні ўзнікаюць, калі пазнаёміцца з
Палажэннем аб прэміі Пункт 1.2. Тэматыка прэміі: «Премия Аловак направлена на выделение материалов и персоналий в белорусской блогосфере Livejournal по таким тематическим направлениям как кино и литература, искусство и фотография, fashion и красота, спорт и здоровый образ жизни, семейные отношения, кулинария, путешествия, Беларусь в целом и Минск в частности.
Премия новости аполитичный характер - материалы, затрагивающие политические тема, а также материалы, затрагивающие тему насилия, агрессии, унижения человеческого достоинства, к участию в премии не принимаются».
У гэтай фармулёўцы ўсё цудоўна і вельмі зразумела. Пачнём з другога абзаца, у якім палітыка з’яўляецца ў пэўным сэнсе сінонімам гвалту, агрэсіі, прыніжэння чалавечай годнасці… Калі палітыка настолькі жахлівая рэч - чаму ж яна існуе ў грамадстве? Праблема ж у тым, што калі палітыкі, як гульні па правілах няма, вось тады і пачынаюцца ўсе вышэй узгаданыя жахі чалавечай натуры. Таму і не можа існаваць грамадства без палітыкі.
Абраныя тэмы, толькі на першы погляд з’яўляюцца апалітычнымі:
Кіно і літаратура - такія беларускія фільмы як «Партызанская містэрыя» і «Случай з пацаном», «Выше неба» і «Авель» не маюць аніякага дачынення да палітыкі? Пра літаратуру прыкладаў яшчэ больш. Колькі ж яшчэ давядзецца чакаць «Войны и мира», перыядычна запытваецца вядомы літаратуразнаўца (гісторык і эканаміст)?
Мастацтва і фатаграфія - выдатны прыклад альбомы па выніках конкурсу «Прэсс фота Беларусі», якія былі прызнаныя скажаючымі рэчаіснасць з элементамі экстрэмізму. Ці толькі фотаздымкі кацянятак ды дранікаў адпавядаюць умовам?
fashion і прыгажосць - вядома, што sex sales. Як тады быць са скандаламі вакол конкурсаў прыгажосці і сэкс турызмам?
Спорт і здаровы лад жыцця - тут напэўна, не толькі ж пра такі апалітычны від спорту як хакей можна пісаць, так? Тут і скандалы вакол стадыёна «Дынама», і вакол клуба «Дынамі», і лядовыя палацы, і «Кожаный мяч», і «Золотая шайба».
Сямейныя адносіны - шыкоўная па ступені палітызацыі тэма. Нават без спасылак на пытанні, а што ёсць сямья, без узгадак хатняга гвалту як праблемы. Выключна пра клопат дзяржавы пра маладыя сем’і і мацярынскі капітал.
Кулінарыя - гэта ж вядома, не толькі пра калдуны і дранікі, але ж і пра беларускія крэветкі і ласось, авакада і манга. Якое мае палітыка дачыненне да з’яўлення такіх «старадаўніх» спрадвечных беларускіх стравах з крэветкамі і авакада?
Вандроўкі - выдатная тэма, яка не датычыцца палітыкі пакуль вы не пачалі планаваць сваё падарожжа. Бо візавае пытанне мае выключна палітычны характар, як і колькі яны каштуюць - гэта не праявы характару консула ў амбасадзе, а выключна міждзяржаўныя стасункі.
Беларусь - а ў якіх межах? На вялікі жаль гэта пытанне ізноў гучыць усё грамчэй.
Мінск у прыватнасці - так Мінск ці Менск, для пачатку?
Хоббі - у кожнага свае недахопы. Хтосьці збірае калекцыю беларускіх грошай і сумуе, што мы адзіная краіна ў Еўропе ў якой не існуюць металічныя грошы. Бо іх няма з-за нейкай там інфляцыі і дэвальвацыіі, але ж вядома не па выніках выбітнай фінансавай палітыкі.
Такім чынам, апалітычнасць з’яўляецца маўклівай падтрымай сённяшняга стану палітычнай сістэмы. Апалітычнасць па вызначэнню палітычна! Вось і адпаведнае відэа ад Ляпіса Трубецкога: «Ты не при чём?»
Click to view
Як кажуць нашы ўсходнія суседзі: «Блоги могут быть убоги». У першую чаргу, калі яны існуюць выключна дзеля таго каб паведаміць Urbi et Orbi пра індывідуальныя практыкі спажывання (
Мr.Freeman падрабязна растлумачыў гэта ў трох словах).
Параўнайце прэмію «Аловак» з блогерская прэміяй ад Deutsche Welle (
http://thebobs.com/). Адчуеце розніцу. Існуюць узнагароды, якімі варта ганарыцца і якія проста існуюць. Гэта як для бровара атрымаць медаль на выставе-дэгустацыі за лепшы сорт безалкагольнага піва, а з нармалёвым півам застацца без узнагарод. Прыемна, напэўна, што адзначылі, але ж неяк няёмка ганарыцца.
Але ж Прэмія Аловак - гэта вельмі значны крок у развіцці сеткавага актывізму. Таму калі у вас ніяк не атрымоўваецца вырашыць для сябе пытанне падыходзіць ваша тэма ці праект для MediaBarCamp, то раім вам паглядзець умовы блогерскай прэміі «Аловак». Тады будзе лягчэй вызначыцца. Галоўнае каб вы не чакалі чарговай «ржачкі» ці «бугагашэчкі» ад каго-небудзь, а пачалі што-небудзь ствараць самі.