Велкоме ту Беларусь!

Jun 24, 2012 23:59


Дарэчы, хацеў падаліцца высокатэхналагічнымі навінамі нашай сінавокай сэрцы Еўропы.

Прыехаўшы з Германіі, я неяк пачаў шукаць адпаведнікі шыкоўнага сайта нямецкай чыгункі (тут) калі не для чыгункі, то хаця б для аўтобусаў. А тут як раз LVEE, ад Гародні ехаць аўтобусам. Карацей, добрая нагода.

І знайшоў я цікавы сайцік ticketbus.by. Праўда, у адрозненне ад зажратых прагных немцаў, электронны білет каштуе даражэй чым з'ездзіць на вакзал і ўзяць. Затое можна раздрукаваць білет сабе самастойна і спакойна ехаць, як са звычайным білетам. Прагрэс і электрыфікацыя ўсяго калючага дроту. Файна і казачна, карацей.

Праўда, казачка апынулася з мацерным рэфрэнам. Спачатку сайцец клаўся і дрыгаў лапамі, калі ўвесці імя пасажыра па-беларуску. Так, там ў правілах напісана выкарыстоўваць рускі варыянт напісання, "калі ў дакументах ёсць англійскі варыянт", але не ведаць што ў пашпарце (на які спасылаецца сайт) у нашай краіне ёсць яшчэ і беларуская версія - гэта неяк вельмі цікава. А ўжо зрабіць так, каб адна беларуская "і" вешала весь іх неразвароцісты інтэрфейс да перазапуска браўзера - гэта ўжо відавочна талент і залатыя рукі, якія растуць наўпрост са сракі. Але не будзем засяроджвацца на дробезях, сказаў я сабе. Наогул з імі ехаць магчыма?

І вось тут я і даў прамашку. Ніяк не праверыўшы іх расклад, закупіў білет ды паехаў у Гародню. А ў Гародні нечакана зразумеў, што мой аўтобус - адзіны, які не прыйшоў за некаторы час да адпраўлення. Наогул. І людзі на пероне паглядаюць на мяне, як на дзівака. Разгадка знайшлася адразу, як я пабачыў расклад: рэйс, на які мне прадалі білет на суботу, 9 чэрвеня 2012 года наогул не ходзіць па суботах.

Вядома ж, я купіў білет на іншы рэйс і даехаў, прычым практычна ў запланаваны час, але асадачак застаўся. Карацей, раю абавязкова ўдакладняць расклад транспатра перад тым, як купляць праз гэты сайт, а, лепш, купляць проста на аўтавакзалах, максімум забраніраваўшы па тэлефоне.

назіранні, сетка, вандроўкі, спасылкі, здарэнні, падзеі, мудзілы

Previous post Next post
Up