Я, канешне, ведаў, што размаўляю і пішу па-беларуску з памылкамі. Часам, магчыма, з вельмі жудаснымі памылкамі. А вось пра тое, што ў мяне выразны ці то польскі, ці то ўкраінскі акцэнт даведаўся ўпершыню ўчора.
Пайшоў я ўчора да банкамату. А там чарга невялічкая, літэральна ў два чалавекі: жанчына гадоў саракапяці ды дзесці дваццаціпяцігадовы хлопец. Натуральна, я ў іх пытаюся:
- Хто тут грошы здымаць апошні?
- Последний, - сувора выправіў мяне хлопец. - Мы последние. Мы вместе, так что долго ждать не придётся.
- Добра, - адказваю я. - хаця я асабліва і не спяшаюся.
Мне здалося, што на гэтым размова вычэрпаная, але, крыху памаўчаўшы, хлопец запытаўся:
- А вы поляк или украинец?
- Беларус, - адказваю. - А што?
- Просто говорите с акцентом.
- Не. Проста я размаўляю па-беларуску.
Здаецца, мой адказ яго некалькі збянтэжыў. Дакладна не скажу, бо ў гэты момант мне пазваніла Алена і я, папрасіўшы ў хлопца прабачэння, пачаў размаўляць з ёй. Натуральна, па-беларуску. Таму апошняе што я пачуў ад хлопца было:
- Глянь как шпарит! - адрэсаванае хлопцам той самай жанчыне. Гэта нагадала мне "Форэст Гамп", нават і не ведаю чаму.
Калі дадаць, што хлопец на рускай размаўляў з моцным беларускім акцэнтам, то гэтая маленькая кафкіанская замалёвачка будзе скончаная. Не забывайце акцэнт наш, каб не ўмерлі.