Новы ноўтбук і какао

Nov 21, 2010 20:49


Некаторы час таму мне пачало карцець у розных месцах, потым пачалася пякотка і пачалі слязіцца вочы. Пагартаўшы даведнікі з сімптомамі я вырашыў - варта мяняць ноўтбук.

Мой Acer Extensa 4220 набыты ў дзве тысячы восьмым годзе. Прычым, тады яго ўжо знялі з вытворчасці, бо мадэль гэтая выйшла на рынак у дзве тысячы шостым. Карцей, старажытны, амаль дагістарычны. Зноўку ж, нехта, падобны на Бісці пачаў нашэптваць на вуха "Дваццаць шэсць ядраў, сорак гігоў аператыўкі, венік на тэрабайт, стогігабітны эзернэт, WiFi z, акумулятар на сорак восем гадзін прасмотра кіно з бесперапыннаю зборкаю розных ядраў у шмат патокаў" і іншыя глупствы. Вядома ж, я захварэў на гэта і ну давай чытаць пра новыя тэхналогіі і новыя ноўтбукі.

Чытаў шмат і знаходзіў цікавыя новыя мадэлі ў досыць прыстойніых межах. Некаторыя нават давялося памацаць. Было цікава і пазнавальна. Захварэў я і на нетбукаманію, але ненадоўга. Нетбук добры як другая машынка, а мне хацелася б мець мабільны, але паўнавартасны (у межах маіх звычыйных задач) камп'ютэр. А купляць адразу два мне жаба бюджэт не дазваляе. Але ж у нас, дзякуй Богу, ёсць зараз такі-сякі доступ да рынку без планавай гаспадаркі, адпаведна ёсць магчымасць пашукаць тавар на розныя густы і бюджэты. Былі б грошы і жаданне набываць.

І вось тут намецілася праблема. Чым больш я шукаў, тым меньш разумеў навошта шукаю. Ноўтбук мяне не задавальняе? У асноўным задавальняе. Для поўнага шчасця я б толькі жадаў акумулятар большай ёмкасці. Але дзеля гэтага не трэба мяняць ноўтбук, яны асобна прадаюцца. Ці знаходзіцца ён у такім стане што яго варта памяняць, пакуль ён не разваліўся ў маіх руках? Нават і блізка не. Мне з ім незручна? Наадварот! З магчымасцю пад Лінуксам карыстацца націскам на правую і левую кнопкі мышы адначасова як аналагам сярэдняй кнопкі (якой тут няма) і зручным джойсцікам для скрола я нават не бачу неабходнасці ў мышцы, цалкам задаволены, карыстаючыся тачпадам.

"Дык на халеру ж ты, ёлупень, будзеш аддаваць грошы за іншы ноўтбук, толькі таму што ён больш новы (і якая ў гэтым карысць?), больш магутны (табе ж і гэтага хапае!) і пры гэтым яшчэ і без гэтага мегафайнага джойсціку (але можна карыстацца скролам па тачпадзе)?" - запытаецеся вы. Дык вось і я пакрысе зразумеў, што яніякіх рэальных прычынаў набыць новы, апроч новай перамогі маркетолагаў няма. Мяне мой ноўтбук і так задавальняе.

Шляхам вось такіх нямудрагелістых разважанняў я зэканоміў свой час і некалькі соцень долараў сямейнага бюджэту. За гэта варта выпіць, ці не так? Вось мы і выпілі. На гэты раз какао ў нас атрымаўся значна больш густы і больш падобны на гарачы шакалад. Салодкі, праны і смачны. Як і абяцаў некалькі дзён таму uriel1788, выкладаю фотаздымак.

Дарэчы, запрашаем усіх сяброў, знаёмых і проста добрых людзей на какао!



думкі, жалеза, асабістае, жаданні, кулінарнае, фотаздымкі

Previous post Next post
Up