Некаторы час таму мы змянялі рэзервовы канал інтэрнэту і адмаўляліся ад інтэрнэту ад КосмасТВ. Людзей у офісе было шмат, каля ўвахода праца кандыцыянера не адчувалася і да таго часу як мы дачакаліся калі намі займуцца мне жудасна балела галава ад задухі і вельмі хацелася падзяліцца сваімі пачуццямі з супрацоўнікамі КосмасТВ. Настолькі, што я адразу запатрабаваў кнігу скаргаў і прапаноў. Пакуль я пад патокам прахалоднага паветра фармуляваў свае думкі нам паведамілі, што абсталяванне (мадэм) зараз здаюць у іншым месцы і трэба альбо ехаць туды, альбо запісвацца і чакаць, пакуль за ім прыедуць. Нас гэта мякка кажучы збянтэжыла, бо мадэм і ўсё што ішло з ім было так плотна напакаванае ў скрыню, што мы складалі гэта ўсё як вельмі складаны пазл. Склалі настолькі добра, што інжынер, які прымаў мадэм і правяраў камплектнасць запытаўся: "А вы ім наогул карысталіся?" Па парадзе менеджэра я пра гэтую меньш зручную працэдуру вяртання мадэму таксама ўзгадаў у скарзе (маўляў, можа як прыдумаюць нейкі іншы, больш зручны для ўсіх варянт, калі будуць звароты з гэтай нагоды).
Здавалася б, напісаў і напісаў. Колькі я тых скаргаў пісаў, звычайна атрымліваў адпіскі і розную лухту ў адказ. Толькі не ў гэты раз. Праз можа які тыдзень прыйшоў заказны ліст. Ну я з такім яшчэ не сутыкаўся, стала цікава. Калі я заўважыў, што адрас на канверце напісаны рукою па-беларуску, то стала яшчэ больш цікава. Скардзіўся я, вядома ж, па-беларуску, а тут хаця б канверт на той жа мове надпісалі. Павагу паказалі і ветлівасць сваю. Стала прыемна. Не надта хацелася ўжо і сам ліст чытаць: а ну як ад бюракратызму і фармалізму я разчаруюся. Ога! Адказ утрымліваў ветлівае падрабязнае і зусім не букваедскае тлумачэнне ў сувязі з чым быў наплыў наведвальнікаў (новыя тарыфы). Пасля гэткага ўступу нават даволі звычайны, здавалася б, пасаж пра захады і тэхналогіі, якія ўводзяцца каб скараціць чаканне ўспрымаўся як шчырае жаданне палепшыць жыццё кліента, а не адпіска.
Здавалася б, папрасілі прабачэння, растлумачылі чаму атрымалася непрыемная для мяне сітуацыя, ветліва патлумачылі, што намагаюцца зрабіць каб надалей абслугоўванне толькі лепшала з кожным днём. Што яшчэ жадаць, апроч кампенсацыі маральная шкоды? Яны зрабілі тое, што я ўжо нават не чакаў: адказ быў на беларускай мове. Якаснай, добрай, зразумелай беларускай мове.
Карацей, сябры, ну вось ніколі не думаў што такое магчыма, але вымушаны сказаць гэта: я сапраўды адчуў да іх павагу, над скаргамі яны якасна і добра працуюць, а не спрабуюць хутчэй пазбавіцца ад непрыемных паведамленняў.
P.S.: Прапаную ўсім конкурс на лепшы тэг-антонім тэгу "мудзілы", які будзе ўжыты для гэтага допісу ўпершыню. Пераможца можа быць запрошаны ў госці ці пачаставаны гарбатай у грамадскім месцы, па жаданню.