Jan 05, 2013 09:25
Мара пра буржуазнасць
Марына Коктыш: -- Мы пачалі размову з “Местачковага кабарэ” -- некаторыя жорстка скрытыкавалі пастаноўку. І заўважалі, што ад таго ж Шалкевіча чакалі іншых песень…
Мікалай Пінігін: -- Калі я вярнуўся з Піцера, на мяне вялікае ўражанне зрабіў Віктар Шалкевіч -- мы з ім у свой час вучыліся ў Акадэміі тэатральнай, а потым разам працавалі -- я ў Гродзенскім тэатры лялек ставіў “Стрыптыз” Мрожака. Ён -- цудоўны артыст, сапраўдны беларускі кабарэцяж. Па маёй замове Віктар напісаў п’есу “Кабарэ-забава”. Але яна не супадае па часе з тым, што было на Беларусі прыблізна ў 1930-я гады.
Таму я ўзяў тры ягоныя песні, якія нібыта кладуцца на тагачасную стылістыку: “Яна праваслаўная, я -- каталік”, “Танга цнота” і “Гарадоцкі раманс”. А што я павінен быў узяць з ягонага рэпертуару? “Добрай раніцы, жлобская нацыя”? Гэта не магло быць напісана ў 1930-я гады...
Марына Коктыш: -- “Кабарэ” -- гэта набор канцэртных сцэнак без аніякага сюжэта. Адзін з артыстаў Купалаўскага тэатра пасля прэм’еры на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы напісаў: “Няма нi Парыжа, нi Варшавы, нi -- самае галоўнае -- Беларусi! А каб патрапіць проста ў кабарэ, можа, варта хадзіць у Музычны тэатр?”
Мікалай Пінігін: -- Сёння ў Беларусі вы нідзе не пабачыце кабарэ. Ні-дзе!
Марына Коктыш: -- Не ўсе зразумелі, чаму вы ўвогуле зрабілі “Кабарэ”…
Мікалай Пінігін: -- Я шмат бачыў у Польшчы спектакляў, дзе проста выходзяць на сцэну артысты і спяваюць кабарэторныя песні -- і поўныя залы! Увогуле, я не ведаю, ці былі на самай справе ў Заходняй Беларусі 1930-х гадоў кабарэ? Хто гэта бачыў? Я толькі думаю, што так магло быць.
Дарэчы, у Польшчы ў свой час былі страшна папулярныя кабарэ, але там не спявалі песень у гонар Пілсудскага. Кабарэ -- гэта проста забава.
“Местачковае кабарэ” -- гэта такая мара пра Заходнюю Беларусь без Сталіна. З фракамі, прыгожай вопраткай, пахам дарагой парфумы. Што яшчэ трэба тлумачыць? Мне здавалася, гэта так усё зразумела.....
Да таго ж кабарэ ўпершыню загучала на беларускай мове....
“Местачковае кабарэ” -- буржуазны спектакль. А буржуазнасць -- недасягальная мара беларускага народа. Мара пра спакойнае, заможнае жыццё, наведванне тэатраў не ў красоўках і джынсах, а ў прыгожай вопратцы....
(by
http://gazetaby.com)
Больш - на
flickr.com
фотосерии,
my photos,
Тэатр