Аповеды пра Прагу. Габрэйскі квартал ці Ёзэфаў.

Jan 29, 2014 00:23

...па надрукаваньнi па-расейску, атрымаý шмат пажаданьняý на варыяцыю ý роднай матчынай мове.
А тут яшчэ нечакана спадар Юрась Камянецкi шчыра й рашуча дапамог з перакладам, таму ýжо не заставалася магчмасцi  адмаýляцца, вось i трымайце шаноýныя...
--------------------------------------------------------------------------------------
Добры дзень.

Хацеў бы пазычыць крыху вашага часу і распавесцi Вам некалькi слоý аб габрэйскім квартале Прагі.

Чаму не *пагаварыць за Прагу*, з габрэйскім акцэнтам? Ну, па-першае, я далёка не габрэй, хаця некалькi чалавек, з якімі мы мелі маленькi гешэфт, у гэта ўзмоцнена вераць, а, па-другое, у Празе габрэяў і засталося - на пальцах пералічыць без асаблівых высілкаў: стары (і ўжо не гліняны, а бронзавы) чорт Галем каля Гiшпанскай сінагогі - гэта вам трэба па Парыжскай вулiцы прайсці і на скрыжаванні паміж буцікамі Alfred Dunhil і PRADA звярнуць направа, тамака амаль адразу за вуглом ён і тупае, абкружаны і аблеплены турыстамі, а на шыі другога знакамітага на ўвесь свет пражскага габрэя, Франца Кафку, цягне. Гэтага самага Кафкі асобны бюст (як нечакана!) знаходзіцца на плошчы iмя таго ж Кафкi, на рагу дома, у якім ён некаторы час пражываў і нават папісваў ...

Вялікі чэшска-нямецка-габрэйскі пісьменнік ... гэта я не за інтэрнацыяналізм агітую, а кажу пра блытаніну ў літаратурным нацыяналізме, якую гэты самы Кафка ýчынiў: па народжанню габрэй, пражыў амаль усё жыццё ў Празе, а пісаў па- нямецку - цяпер яго кожны з трох народаў сабе прысвоіць імкнецца пры выпадку. Дык вось, каб да Кафкі дайсці, гэта вам вярнуцца на забітую турыстамі і іншымі скамарохамi, намётамі з сасіскамі і півам Старагародскую плошчу неабходна і ўздоўж царквы Святога Мікалая зрабіць пару крокаў. Царкву, дарэчы, люстра крыштальная ў выглядзе кароны ўпрыгожвае - не марнуйце 5 хвілін на піва, але падымiцеся па сходах і зазірніце ў дзверы, між іншым, люстра апошнім расійскім імператарам Мікалаем II падараваная. А яшчэ яна (не люстра, а царква вядома) ý cвой ​​час праваслаўным вернiкам здавалася ў часовае карыстанне: з канца XIX стагоддзя аж да першай сусветнай вайны, - таму і люстра ад праваслаўнага цара паднесена была для царквы свайго нябеснага заступніка Св. Мiкалая. Зараз будынак Чэхаславацкай гусіцкай царкве належыць, хоць на Каляды і Вялікдзень, яшчэ не так даўно, яны яе па старой традыцыі  здавалі праваслаўным для святкавання, і тыя хросныя хады вакол яе вадзілі карагодамі, то па калена ў снезе, то з яйкамі ды кулічамі ...

Так. Вяртаючыся да габрэйскага пытання і гораду адпаведна, - габрэйскі квартал яшчэ ведаеце чаму Ёзэфаў завецца? Не, не з-за вялікай колькасці Йосiкаў - доўгіх носікаў на метр квадратны, а таму, што імператар Аўстра - Венгрыі Ёзэф II ў сярэдзіне XIX стагоддзя даў габрэям грамадзянскія правы. Тутака можна прыпыніцца, таму як па гэтых правах габрэі маглі нарэшце сяліцца не толькі ў спецыяльна адведзеных раёнах - гета, але амаль у любым месцы імперыі. Такім чынам гэта стала пачаткам канца габрэйскага квартала, у якім пасля вялікай расчысткі трушчоб і новай забудовы цэлага раёна ў стылі Парыж, і засталося ад габрэяў толькі 6 (шэсць) сінагог, Ратуша і старыя габрэйскія могілкі.

Найстарэйшае надмагілле на Старых габрэйскіх могілках датуецца 1439 годам. Тады, што іудзеі, што хрысціяне, ну акрамя каралёў з мармуровымі магільніцамі, хавалі нябожчыкаў проста загорнутымі ў халсты. А з прычыны таго, што ў габрэйскiм квартале месца для пашырэння могілак не было, то папросту паверх старых магіл  з працягам часу  насыпаўся пласт зямлі і рабіліся новыя пахаванні. Могілкі ўсе надмагільнымі камянямі шчыльна абсыпаны таму, што пахаванні рабілі новыя, а помнікі пакідалі на месцы - каля 12.000 надмагільных пліт там зараз знаходзіцца, а пахаванняў, па розных падліках, ад 30 да 100 тысяч.

На Ратушы Габрэйскага горада гадзіннiк цікавы, насамрэч габрэйскi, ў адваротны бок ідзе, справа налева, таксама як і пішуць габрэi спакон веку. А яшчэ  герб габрэйскага горада там на сцяне прысутнічае - залаты шведскі шлем-шышак ў зорцы Давіда - ён быў імператарам Фердынандам II (дарэчы, самым жорсткім каталіком, выхаваным езуітамі) падараваны за актыўны ўдзел у абароне Прагі ад шведаў у часы 30-гадовай вайны (1618-1648 гг.), пачатак якой, зноў жа  ў Празе пакладзены быў дэфiнiстрацыяй (гэта па-лацінску, а па-беларуску - кіданне з вокнаў). І чэхам і Чэхіі яшчэ ой як бязлітаснай рэкаталiзацыяй гукнулася гэтая звычка кідання каралеўскіх намеснікаў з шырока расчыненых вокнаў.

... i не трэба лаяцца на тое, што я ў які раз адыйшоў ад тэмы, такі вяртаемся - зорка, альбо iнакш кажучы шчыт Давіда. Вы будзеце смяяцца, але гэты сімвал прыйшоў у Эўропу з Усходу, дзе быў распаўсюджаны ў арабскiм пісьменстве, актыўна выкарыстоўваўся хрысціянамі і нават каралямі на розных пячатках і ў якасці амулетаў… Упершыню гэты сімвал (гексаграма) быў выкарыстаны як менавіта габрэйскі ў 1354 годзе, калі чэшскі кароль і імператар Святой Рымскай імперыі Карл IV дараваў Пражскім габрэям прывілей мець свой ​​уласны сцяг - пурпуровае палотнішча з шасціканцовай зоркай. Яны трошкі з ім пагутарылі, туды-сюды, дапамаглі з грошамi на вайну, і «сцяг цара Давіда» з'явіўся ўжо і на афіцыйнай пячатцы суполкi, г.зн. фактычна менавіта з наданага каралём сімвала праскай габрэйскай суполкi пайшло афіцыйнае выкарыстанне шасціканцовай зоркі для азначэння габрэйства ... такія справы.

Нашмат пазней, на сіянісцкім кангрэсе ў 1897 годзе зорка Давіда стала сімвалам сіянісцкага руху і ў 1948 г. трапіла на сцяг Ізраіля - вось вам і роля Карла IV і яго сярэднявечнай Прагі ў гісторыі фарміравання сучасных знакаў габрэйскай дзяржавы ...

Ну, і нельга не згадаць пра Старановую сінагогу - найстарэйшы будынак Габрэйскага квартала (канец XIII стагоддзя) - малебны, дарэчы, праходзяць да гэтага часу!

Кажуць, што камяні для яе падмурка прынеслі анёлы аж з Ерусаліму, папакапаўшыся ў руінах свяшчэннага Храма Цара Саламона. Пазычылі гэтыя каменьчыкі (вось тут не зусім зразумела, анёлы... цi хто каму пазычыý?) пры ўмове, што па прыходзе Месіі, - а тады неабходна будзе зноўку адбудаваць Храм Цара Саламона, - каменьчыкі з Прагі назад й вернуць. Тутака трэба сказаць, што на том самым габрэйскiм іўрыце слова *ўмова* гучыць як: al tenaj. Адпаведна сталі называць і тую сінагогу, потым слова трансфармавалася на нямецкі манер у altneu, а гэта ўжо ў перакладзе з нямецкага было alt -старая і neu - новая ... так і пайшло - Старановая сінагога.

I, калi ўжо прагаварыўся, то грэшна не развіць думку і не пахваліцца адукаванасцю, падмацаванай багатым кругаглядам: менавіта тут, у Старановай сінагозе, згодна з легендай, ляжыць на паддашку той самы, апошні знакаміты габрэй, вышэйзгаданы Галем з гліны, дакладней яго кавалкі-чарапкі.

А адбывалась ýсе гэта вось як.
Стварыў яго сабе рэбэ Лёвэ, запускалася гэтая штуковіна ўкладаннем у адтуліну на iлбе запіскі са святымі словамі (а слоў гэтых таемных не падкажу, каб не падтрымліваць у розных дурнях спробаў ажывiць Галема). Таксамым чынам гэткi выдатны ўзор сярэднявечнай робататэхнікі і прабацька Тэрмінатара адключаўся. Зроблены ён быў дзеля абароны габрэйскага гораду ад пагромаў з боку ласых на пажыву гараджан Прагі і асабліва для цяжкай працы, бо сiлай валодаў, па словах відавочцаў,  нязмеранай.

Трымаючы правілы (а куды ж без гэтага!) на час шабату - ад заходу сонца ў пятніцу да заходу сонца ў суботу - рэбэ ставіў Галема у закутак і выключаў. Але аднойчы рэбэ Лёвэ закруцiўся! Забыўся за гэтую справу і пайшоў на малебен у Старановую сінагогу.., вось тады i пачалося першае паўстанне машын: Галем расхваляваýся, пачаў разбураць мэблю, біць вокны, патрабаваць гарэлкі, жанчын, правоý на васьмігадзінны працоўны дзень і аплату звышурочных - жыхары былi вымушаны спешна паклікаць рэбэ Лёвэ, які паспеў выдраць шнур і выдушыць шкло, пасля чаго Галем рассыпаўся ў пыл - а няма чаго парушаць правілы шабату: знiшчаць чужую кватэру, есьці не свой ​​фаршмак ды брудна лаяцца на вулiцы ý бок спалоханых дзяцей, на драных штонiках якiх, з гэтай нагоды, хутка з’яýлялiсь новыя брудныя плямы ...

Вы спытаеце, а што ж Гітлер сінагогі не разбурыý падчас Другой Сусветнай? Нацысты ў Празе музей зніклага народу планавалі зрабіць: прадметы культу, хатнi скарб і рэчы ліквідаваных па ўсёй Эўропе габрэйскіх гета звазілі ў пражскія сінагогі і інвентарызавалi. А потым ... вайна скончылася, i большасць рэчаў, па вядомых нам усiм сумных прычынах, вяртаць ужо не было каму ...

Не засталося амаль габрэяў у Празе і Чэхіі пасля Другой Сусветнай, а тыя, што засталіся, у Ізраіль з'ехалі, у большасці сваёй яшчэ ў саракавых, і за незалежнасць біліся там нядрэнна. Чэхаславакія, па ненадакучлівай радзе СССР, на першым часе актыўна падтрымлівала дзяржаву Ізраіль: і ўзбраенне маштабна пастаўляла, і персанал лётны і тэхнічны трэніравала, пакуль Суэцкі крызіс у 1955 г. не грымнуў, і Ізраіль у спiс агрэсараў хуценька перайшоў, з усімі вынікаючымі ....

Пра што гэта я, шаноýныя? Ах, да, пражскі габрэйскі квартал ...

Не засталося тут амаль нічога, акрамя гэтых самых сінагог, пары адчыненых у апошнi час габрэйскіх кашэрных рэстарацый, мноства легенд і турыстаў ўсіх колераў ...

Так што і вы прыязджайце, пагледзiце як тут у нас…

аб Празе, переводы, хобби, Беларусь, аповеды пра Прагу, чэхiя, туризм, креативчик, прага, Чехия, билингвизм, неожиданно, па-беларуску, Прага

Previous post Next post
Up