Mar 24, 2009 14:36
Няма чалавека, які быў бы як Выспа, сам па сабе,
кажны чалавек ёсць частка Мацярыка, частка Сушы;
і калі Хваляй змые ў мора берагавы Уцёс, меншай
зробіцца Эўропа, і таксама, калі змые край Мысу альбо
разбурыць замак Твой ці Сябра Твайго;
смерць кожнага Чалавека робіць меншым і мяне,
бо я адзіны з усім Чалавецтвам,
а таму не пытайся ніколі, па кім званіць Звон:
Ён званіць па Табе.
Дж.Дон
… Напачатку было слова… Выкліканае моцным выбухам эмоцый, яно пачало свае ўласнае жыцце. Як здзічэлая здань, яно прыходзіла да людзей, непакоiла і заклікала штосьці рабіць, марыць, ствараць…
Слова было народжана думкай, якая аднойчы завітала і назаўсёды засталася непакоіць душу. Гэтае слова было - пленэр.
Следам з`явіліся ідэя, канцэпцыя і мэта…
Засталося даць імя…
Ініцыятарамі дзеі сталі Лера Сом і Кацярына Мясьнікова,
Неўзабаве дзея атрымала назву: "У пошуках Атлантыды".
Так скончылася першае кола пошукаў.
Потым, дзякуючы Сяргею Панізніку, знайшлося і месца: хата бабы Ядзвінні ў вёсцы Лявонпаль - гэтым зачынілася другое кола, кола блуканняў.
А затым далучыліся і іншыя зацікаўленныя асобы і вырашылі, зрабіць тое, пра што столькі марылася: уласны пленэр маладых мастакоў.
Сабралося 6 мастакоў: Бабіч Алена, Шайкова Юлія, Кацера Людміла, Міхайлаў Андрусь, Івашкевіч Валерый, ды Мясьнікова Кацярына.
Цікава, што ў рэшце рэшт колькасьць удзельнікаў нечакана павялічылася, да нас далучыліся: Валерый Шчасны, Алесь Пушкін, Вольга Церашонак, Алесь і Наталля Аніськовічы …
Актыўна падтрымліваў і дапамагаў нам Сяргей Сом.
Пра канцэпцыю:
"Атлантыда" па-беларуску, - гэта рэшткі славутае даўніны краіны, ахопленныя зрокам сучаснага мастака. Наша краіна багатая на паданні, захавалася шмат будынкаў, гісторыя якіх зыходзіць ў далекае мінулае. Мы шукалі крыніцу, якая поўніла б нас своасаблівым хараством спадчыны, яе гісторыяй.
Увесь тэрмін працы на пленэры захоўвалася ў нашых душах шчымліва-узнеслае пачуцце гонару і страты, хараства і занядбанасьці…
Мы увачавідкі ўбачылі, як легка страчваецца набытае багацце, як парастаюць бур'янам некалі велічныя будынкі, як зыходзяць у пыл ганарлівыя імены.
Асноўным для нас падчас пленэру было ўбачыць і захаваць тое, што засталося, тое, страту чаго мы, напэўна не адчулі бы, занятыя сваей будзеннай працай.
Лявонпаль - зноў адкрытая "атлянтыда", амаль згубленая за перыяд беспамяцтва і абыякавасьці. Гэта першая кропачка на мапе нашых пошукаў, гучна вымаўленае слова, якое атрымала другія радзіны…
2005 год
Мая Атлантыда,
мастацтва,
пленэр