Львоў прымушае бачыць сьвет па-новаму

Jul 16, 2010 23:47


Львоў - чароўны горад, самабытны. Старыя вулачкі, дворыкі, будынкі - ідзеш нібы па музэі! Але вакол штодзённасць, звычайныя чалавечыя клопаты… І сярод усяго гэтага, у гэтым жывуць людзі! Пасьля беларускай еўрарэмонтнасьці і траваскошанасьці шакуе: занядбаны быт! Але праз нейкі час галава пачынае працаваць у іншы бок: а, мо, гэта ў нас зададта начышчана, да незразумела каму патрэбнага бляску, за якім ужо нябачнымі сталі праявы хоць якога жыцьця?

У японцаў ёсьць паняцьце “сабі”, што ў перакладзе “іржа”. Гэтым словам яны называюць рысы даўніны, якія ўказваюць на прыгажосьць. Гэта трэшчыны ў тынкоўцы старога будынка, адпаліраваная дотыкамі тысячаў рук ручка ўваходных дзьвярэй. Простыя, звычайныя рэчы, над якімі папрацаваў час. І яны невымоўна прыгожыя!.. Але прыгажосьцю ціхай, сьціплай, да якой у нас нязвыклыя.


Яшчэ шакавала ўтульнасьць кавярняў, хатнясьць “Жыдоўскай кнайпы” - робленыя рукамі карункавыя абрускі на сталах і фіраначкі на вокнах, а таксама процьма старых рэчаў бы з бабулінага куфэрка… Шакаладныя пантофелькі і іншыя прыўкрасы, якія на вачах з’яўляюцца з-пад рук майстра “Львоўскай шакаладніцы”… І людзі - ветлівыя, дабразычлівыя, якія натуральна атрымліваюць асалоду ад сваёй працы, а не стаяць на раздачы едзіва, чакаючы канцу працоўнага дню.

І мову заняло ад таго, што проста на вуліцы ў сьвяточны дзень процьма людзей (сталых, і моладзі, і дзяцей) у вышаваных кашулях, у тканых гуцульскіх паясах! Нават у спалучэньні з караценечкай спадніцай і высокімі абцасамі такі гарнітур глядзіцца зусім ня пошла, а сучасна і вельмі стылёва.

Аказваецца, так можа быць! Мо і нам так трэба: не навязліва, дэманстратыўна, а проста, шчыра і годна.  ;)

Заходняя Украіна, Львоў, вандроўкі

Next post
Up