(no subject)

Apr 12, 2015 12:32

Як лёгка быць атэістам, калі гэта датычыцца толькі цябе. І як цяжка, калі думаеш пра (душу?) іншага чалавека. А раптам? А раптам ад рытуала адпявання бабулі будзе лепей? Раптам гэтая свечка за спачын на нешта паўплывае? Раптам ёй будуць прыемныя не танныя гваздзікі, а прыгожыя, спецыяльна для яе абраныя кветачкі, пакладзеныя ў труну? (Божа(?), дай веры, што перад крэмацыяй ніхто гэтыя кветкі з труны не скрадзе, каб прадаць на кірмашы насупраць крэматорыю! І адкуль у мяне такія думкі?..) Раптам яна заўважыць маю прысутнасць на пахаванні?
Пасха... Для мяне Пасха - не свята ўваскрасення Хрыстова. Для мяне гэта даўно ўжо свята збору сям'і ў бабулі ў гасцях. У гэтым годзе няма Пасхі. І яе больш ніколі не будзе...
Бабулечка, мілая, чаму ж ты мне не снішся? Я хачу цябе пабачыць, пагутарыць з табой. Хоць і бачу цябе ў тварах іншых бабуль, у вясновых красках, у сонечным святле. Але гэта не тое. Я не гатовая цябе адпусціць...

думкі ўслых, сям'я, сьмерць

Previous post Next post
Up