Aug 06, 2012 22:28
Вось і адбылося. Я дарослы чалавек. Я працую. На заводзе працую, ага.
НВЧУП "Дыялек" (ці неяк так па-беларуску будзе), інжынер-тэхнолаг. Вытворчасць арганапрэпаратаў.
Ведаеце, што такое "арганапрэпараты"? Так, прэпараты з ворганаў: з мазгоў, крыві, падстраўнікавай залозы... І я гэта ўсё бачу, адчуваю пах, дакранаюся. Узважыць, праверыць pH ці тэмпературу, перамяшаць, дастаць ці паставіць у халадзільнік... У першы дзень пасля перамешвання "кашы" з цяляч'іх мазгоў камяк у горле стаяў да вечара. Сёння абліла пальцы крывёю, чалавечай, яна такая густая, так пахне... Прыемнага мала.
Увогуле, гэтае прадпрыемства - гэта такі адрыў практыкі ад тэорыі! Нахалеру было вучыць усе гэтыя рэактары, экстрактары і г.д., калі ўсё робіцца ў рондалях уручную? Высокамагутныя аўтаматычныя машыны па напаўненні і запайцы ампул? Неее, два чалавекі, бюрэтка з педалем і гарэлка!
Асобны момант - людзі. У некаторых стаж пад 40 гадоў. Такія баяцца аўтаматычных просценькіх шаляў. І не разумеюць, што ў разліўны бокс з класам чысціні B не варта заходзіць, каб проста паразмаўляць па тэлефоне, ды яшчэ і без спецадзення. А некаторым паспрабуй давесці, што касметыцы на твары і ўпрыгажэнняў не павінна быць пры працы ў такім памяшканні...
Цяжка, бо шмат інфармацыі. Цяжка, бо пакуль не адчуваю за сабой права нешта сказаць. Цяжка, бо не ведаю, што рабіць.
Цікава, што атрымліваецца нармалёва, даволі спакойна ставіцца да сыравіны. На шчасце.
Але ёсць і якія-ніякія плюсы - пакуль усё цікава, бо новае. Навучылася калібраваць pH-метр па буферным растворам. Сёння праглядала ампулы на наяўнасць механічных прымешкаў. (Дарэчы, на аўтаматычнай машыне. Ферэйн'аўскай.) Вучуся запаўняць тэхналагічныя карты, журналы.
Заўтра, пэўна, пабачу, як мазгі "мясарубяць".
Так і жывем. "Не жывем, а выжываем."
расчараваньне,
работа