Нарэшце дабраліся рукі напісаць, ды й эмоцыі дасьпелі.
На Радуніцу, на суткі з панядзелка на аўторак езьдзілі з бацькамі ў вёску да прабабулі й бабулі ў Кухарава, Глыбоцкі раён.
Зьезьдзілі з бабуляй у Даўгінава, Мёрскі раён, на могілкі, там пахаваны мой дзед. Пасьля завіталі да бабулінай сястры, яе муж пасьля інсульту - ляжыць, палова цела паралізаваная, ледзьве кажа, зусім незразумела... Адвезьлі прадуктаў нейкіх. А на наступны дзень наведалі могілкі ў Кухарава, там пахаваны прадзед.
Страшна, так страшна бачыць гэтых старычкоў. Езьдзім рэдка, раз ці, можа, два на год. Кожны раз бачыш іх як у апошні. Ой, цяжка...
Але ж прабабка - малайчынка! Мне б яе аптымізм і весялосьць. А чалавеку 96 год сёлета споўнілася.
На разьвітаньне падарыла мне ручнік. Звычайны ручнік. Ружовенькі, махровенькі. Але. Ёй яго падарылі на дзень народзінаў ад калгаса. То бок, гэта самая новая рэч, што ў яе ёсьць. І яна яе мне... У гэты момант рыдалі ўсе: я, маці, бабуля і прабабуля.
А далей мае маленькія ўражаньні ад паездкі, якія занатоўваліся ў кантакцік.
Ааа! Падсьнежнікі!! Цэлыя паляны! Першы раз пабачыла! Ажно усё сіняе!
Людзi, якiя маюць толькi тэлебачаньне як крынiцу iнфармацыi, - гэта нешта. Я пачынаю верыць у тыя 80%.
На выхадзе з могiлак:
- Перахрысьцiцеся! Перахрысьцiцеся, каб нiкога злога не прынесьцi.
Праваслаўе, ага.
Блін, зараз дзеда наведвалі пасьля інсульта. Ляжыць напаў у паралюшы, ледзьве кажа, незразумела. Нас убачыў і плача. Людцы, гэта страшна.
А мы тут завязьлі. Весела. Праўда толькі мне.
Гэтыя аднолькавыя "прэзiдэнцкiя" хаткi у кожным населеным пункце... "Ctrl+C, Ctrl+V" нейкае.
Я на падлозе, у мяне жахліва аграменная падушка і тут цікае ДВА гадзінніка...
Гэтыя вяскоўцы... Прабабка зараз за сьняданкам:
- Жэнька не, а бабы хай бы па чарачцы выпілі.
І пасьля яшчэ:
- Ай, седзяцё як дурныя. Выпілі б.
Неяк раней думала, што ў іх на ўзроўні інстынктаў гасьцей накарміць. Высьвятляецца, што і напаіць таксама.
Своеасаблiвы гумар у бабулек. Вяртаесься з могiлак і першае пытаньне:
- Ну, што? Там бацька (дзед) нiчога вам не сказау?