Aug 02, 2011 14:14
Я прачынаюся пад званы брэлянскае царквы. Сонца ўваходзіць да мяне ў пакой, спрабуе зазірнуць у вочы. Гудзіць, адыходзячы ад суседняга месца, вялікі карабель, агалошваючы пачатак новай вандроўкі па моры. Я ўяўляю, як караблёвая каманда спрактыкавана, лагодна працуе, расчыняючыся ў энэргіі любасьці людзей ды прыроды; я ўяўляю, які лагодны настрой маюць паязджане, як яны спадзяюцца на вялікую прыемнасьць, а можа нават і цуд - паветра поўніцца добрым гуморам...
Я малімонюся ў ложку, разважаючы пра тое, ці ўжо ўставаць, ці павярнуцца на другі бок ды спаць далей. Але ня сьпіцца. Тады я пачынаю думаць, бо хочацца шчэ пабыць у ложку.
... штораніцы я думаю пра тое, як пачынаецца кожны новы дзень новае жыцьцё, як дзіўна ў ім усё спалучаецца; як добра робіцца на сэрцы праз разнастайныя гукі навакольля, жыцьця, у якім і я.
Я слухаю, як бягуць па бальшаку колы; адчуваю, як імкнуцца даць рады сваім справам кіроўцы, як яны сьпяшаюцца, як раздражняюцца, калі сустракаюць на сваім шляху перашкоды... Я чую, як прачынаюцца дзеткі ў суседнім пакоі, як радуюцца новаму дню; я адчуваю, як іхныя бацькі ставяцца да іх зь любасьцяй, з каханьнем адно да аднаго, з радасьцяй да жыцьця... Я чую, як лагодна ўваходзіць у новы дзень кабета, якая жыве ў хаце насупроць праз бальшак; яна аглядаецца ў надворку, вітае знаёмцы, распавядае ім нешта з сваіх пачуцьцяў ды падзеяў, пытаецца іх за жыцьцё, слухае, рэагуе... Я чую, як пакаёўкі сьпяшаюцца даць рады кожнаму пакою; я адчуваю іхную заклапочанасьць ды засяроджанасьць на мэце; яны перагукваюцца адна з адной ці, сустракаючыся ў калідоры, гучна дзеляцца праблемамі, абураюцца, непакояцца ды сьпяшаюцца... А мешкаванцы гатэлю зьбіраюцца да сьняданку, грукаюць дзьвярыма, вітаюць суседзі, пакаёўкі... Нехта раніцай зьязджае, бо чуваць куфары, якія хутка цягнуць па кафлянай падлозе калідору; у надворак заязджае вялікі аўтобус, чмыхае, чакае на паязджане пад гукі гучнага рухавіку... І раптам людзі ды машыны зьнікаюць - нейкія імгненьні сола прыроды: сьпеў птушак пад шапаценьне лісьця...
Разважаючы пра гэта, слухаючы жыцьцё, я пакрысе ўваходжу ў новы дзень, канчаткова прабуджаюся, устаю ды пачынаю жыць. А жыцьцё само кліча ўзяць у ім удзел, бо зьвініць мабільнік. Я вітаю кожнага, хто зазірнуў да мяне праз тэлефанаваньне, сьмешкам, уяўляючы, як суразмоўца, мажліва, тоесна мне пачуваецца гэтай раніцай, як яму добра праз тое, што сёньня, новым днём, можна пачаць новае жыцьцё, што яго ласкава вітаюць... І лагодны настрой праз сьмешак ды ветлівасьць па ланцужку распаўсюджваецца, сьцішае таго, хто ўжо пасьпеў усхвалявацца, ды бяжыць далей, каб скончыць свой чарговы дзень у ложку, зь якога ён і пачаўся...
думкі ўголас