здароўе

Apr 07, 2010 00:44



Ці думалі вы пра тое, хіба мелі-б мы такую разнастайнасьць дыетаў, калі-б запраўды раз і назаўжды разьвязвалі зь іх дапамогай праблему? Існуюць крамлёўская, брэжнеўская, капуставая, гарохавая, малочная дыеты - няма, чаго няма... На жаль, у тым і прыкрасьць, што ўсе дыеты маюць агульнае правіла - дыеты трэба трымацца заўжды. Бо, калі схуднець, карыстаючы адну з дыет, а потым з прыемнасьцю адпружыцца й зноўку пачаць на два бакі есьці, дык усё набытае страціцца ды новы тлушч назапасіцца.

Пагатоў ня ўсе дыеты аднолькава карысныя. Прыкладам, зусім нядаўна на нейкім кангрэсе дзіцячыя дыетолягі назвалі крамлёўскую дыету “запросіны са сьвету збыцца”, і, паводле наступных досьледаў, мелі рацыю.

Таму, не хачу назаляць, але ўсё-ж апавяду вам пра асноўныя правілы здаровага харчаваньня, і, як вынік таго, добрай формы.

Насамперш добра было-б пайсьці да дыетоляга й высьветліць асноўныя вашыя памылкі ў харчаваньні, а таксама ці маеце вы залішнюю вагу. Але, калі па нейкіх прычынах гэта цяжка, ведайце асноўнае:

Акружына стану большая за 88 см у жанчын і большая за 102 см у мужчын - азнака затлусьценьня й чыньнік рызыкі сэрцавых катастроф.

Крыху раней таксама лічылі, калі акружына стану перавышае 88 см, тады вельмі павялічваецца рызыка захварэць на цукроўку. Аднак, літаральна год таму Сусьветная арганізацыя цукроўкі памяняла гэны крытэр. Зараз жанчынам патрэбна мець стан 80 см, а мужчынам - 92, прытым праз усё жыцьцё.

Вось гэта й мае быць той паказьнік, які вам падказвае, ці адхіліліся вы ад нормы. І калі высьветліцца, што ваш стан мог-бы выглядаць лепш, трэба сур’ёзна засяродзіцца на якасьці харчаваньня.

Не пераказваціму вам разнаітыя дыеты, пагатоў пра іх можна даведацца зь Сеціва, а лепш апавяду пра тое, што вы, мажліва, пачуеце ўпершыню.

Пачну, напэўна, з асноўнага - што мае быць на талерцы? Дык вось, там можа быць усё, што заўгодна, аднак ёсьць нязьменная умова: палова талеркі - зеляніна, салатка й гародніна, чвэрць - бялкі й засталая чвэрць - тлушчы. Бяз усіх гэных складнікаў арганізм ня можа дапамагчы сабе сам, таму яны маюць быць менавіта ў такіх прапорцыях.

Сьнеданьне

Першае няўхільнае правіла - сьнедаць заўжды трэба ў першую гадзіну па абуджэньні. Ня сьнедаць - гэта найгоршае, што можна ўчыніць. Шматлікія досьледы сьведчаць: той, хто ігнаруе сьнеданье, нашмат часьцей пакутуе на залішнюю вагу й мае вялікія цяжкасьці на шляху худненьня. Бяз ранішняй порцыі ежы ваш памен рэчываў сьпіць (то бок ня спальвае залішні тлушч) ажно да абеда, а потым вы памен рэчываў яшчэ замаруджваеце запозьнімі цяжкімі вячэрамі. Апроч гэтага, ранішнія галадоўлі правакуюць смач, які цяжка кантраляваць - вы кідаецеся на прысмакі й ласункі, а потым пакутуеце ад непрыемных зьяваў у чарэве, ад стомы й няздольнасьці засяродзіцца на працы, ня кажучы ўжо пра назапашваньне залішніх кілё.

Працягваючы гаворку пра сьняданьні ды й пра ежу агулам, хачу паказаць яшчэ некалькі самавітых момантаў:

Ніколі ня ешце спачатку садавіну, а потым кашу, спажываньне гэтых рэчаў мусіць мець адваротны парадак. Больш таго якую-кольвек садавіну трэба есьці толькі першую палову дня. Рэч у тым, што садавіна - гэта простыя вугляводы, таму ўзровень цукру ў крыві моцна падскоквае з-за вялікай колькасьці садавіны, а калі даходзіць да мяжы - ператвараецца на тлушч. Бананы, манга, брусквы, чарэшні - гэта, на вялікі жаль, тыя прадукты, якія дадаюць залішнюю вагу, пазбаўляючы вас суцэльнае насалоды ад прыемнага смаку.

Таксама вы маеце ведаць пра спалучальнасьць прадуктаў. Вы ўпадабалі піць раніцай кубачак гарбаты з малаком? Гэта запраўдны жах для вашага здароўя! Як наогул зьявілася гэная традыцыя? Яе распачалі ангельцы, каб ня покалася іхная парцаляна, якая ад пачатку была крохкая. Таму ў парцалянавы кубачак спачатку лілі малако, а потым дадавалі гарбату, каб пазьбегнуць перападу тэмпэратур. Але смолы, якія мае гарбата, зьвязваюць вапень, які мае малако, і ў выніку вапень асядае каменьнем ў нырках. Вось вам падаруначак у выглядзе хваробы ныркаў і капшуку.

Шмат каму падабаецца папесьціць сябе раніцай сьвежым сокам. Дык сьпяшаюся папярэдзіць, што гэта яшчэ адзін жах для вашага здароўя. Возьмем аранжык, выцісьнем зь яго сок і вып'ем. Што атрымаецца? Рэдкі садавінавы цукар імгненна ўсмоктваецца крывёй і таму падскоквае інсулін. Праз шэсьць гадоў гарантавана мецімце цукроўку.

Дарэчы, тое датычыцца й белага рыжу. Вугляводы, якія ён мае, таксама імгненна паглынаюцца й таксама рэзка падвышаюць колькасьць цукру ў крыві - зноўку існуе пагроза цукроўкі. Але зьдзікі і бруновы рыж - гэта суцэльная крысьць, бо выводзіць жужла й вадкасьць з арганізму, і ёсьць карысна тое, што ягоныя вугляводы паглынаюцца павольна, таму няма выбуху інсуліну і вы праз увесь дзень атрымацімце норму вугляводаў.

Пра цукар, лічу, вы ўсё ведаеце. Замала, што ён вельмі калёрыйны, дык яшчэ апрацоўваюць яго вельмі «цікава»: ён ачышчаецца праз вуглёвыя фільтры, зрбленыя з костак памерлых жывёлаў. Таму, калі спажываеце кавалак белага цукру, ведацімце, што яго чысьцілі ў «крэматорыю».

Датычна кашаў: аўсянай і грэцкай кажам «так!». А вось маннай - катэгарычнае «не!». Яна вельмі шкодная для арганізма.

Абед

Абед звычайны, але ня трэба злоўжываць поліўкамі (дзіўна гучыць, бо нам заўсёды тлумачылі, што поліўка ёсьць песьня для страўніка, але гэная песьня, на жаль, завецца стогнам). Усе функцыі страваваньня ежы ажыцьцявіліся, але страваваць па сутнасьці не было што. У гэным выпадку арганізм пачынае зьбіраць тлушч у запас.

Праз увесь дзень есьці трэба часта, але няшмат. Але зноўку трэба пільнавацца спалучальнасьці прадуктаў! Прыкладам, памідоры й малако, здаецца, два добрых, карысных прадукты, але разам яны ператвараюцца на атруту. Рэч у тым, што малако дае ў арганізм чалавека вапень, а кісьлі, якія маюць памідоры, перашкаджаюць яму нармалёва стрававацца. Вынік: вапень назапашваецца на сьценках судзінаў і сэрцавых затамкаў, а гэта празь некаторы час можа справакаваць інсульт ці інфаркт.

Шпроты. Адна бляшанка шпротаў мае столькі бэнзапірэну (гэты вельмі моцны канцэрагэн), колькі чалавек атрымае ў забруджаным горадзе праз увесь год! То бок, нават калі вы правідлова харчаваліся ўвесь год, адна-дзьве шпроціны ўсё скасуюць.

Вячэра

Датычна вячэры: тут я скасую міт «нельга есьці пасьля шостай». Нельга НЯ есьці пасьля шостай! Зважайце: калі ня есьці пасьля шостай, дык гэта галадаваць больш за 10-12 гадзінаў. Вы сьпіце, але арганізм усё роўна працягвае функцыяваць: ідуць працэсы затляненьня, аднаўленьня скуры, выпрацоўваюцца ўзрушнікі, якія ўсе складаюцца з амінакісьляў, яны маюць патрэбу ў бялках, але бялкі ў арганізм не трапляюць. І, калі вы галадуеце больш за 10 гадзін, арганізм пачынае актывізаваць фэрмэнт, які завецца кіназа. Вось калі гэны фэрмэнт зьяўляецца ў арганізьме, пасьля практычна ўся ежа праз увесь содзень ператвараецца на тлушч. Гэта абсалютна дакладна.

Такім чынам, есьці можна ня толькі пасьля шостай, але й напярэдадні сну, галоўнае - разумець, што менавіта есьці. Гародніну, паранае мяса, рыбу - ўсё гэта можна, абы не было цукру, садавіны, кашаў, бо ў сутоньні вугляводы вельмі кепска стравуюцца.

Надосталь зацемлю: схуднець можна пры дапамозе якой-кольвек дыеты, калі хацець, а вось падтрымліваць дасягнутую вагу могуць толькі 5 адсоткаў ад 100. Таму выйсьце ёсьць адно - зрабіць дыету правілам жыцьця й з павагай ставіцца да ежы.

Зычу прыгажосьці, складнасьці й галоўнае - падабацца сабе!

Эва Мічурына.

Пераклад з расейскае: maryna_kvietka
Крыніца: www.beauty-code.ru/articles_11_2119.html

пераклады

Previous post Next post
Up