невялічкі фэст

Mar 06, 2010 22:29

Сёньня мы маем невялічкі фэст - 12 гадоў як пазнаёміліся. Зразумела, прапусьціць такі дзень неяк бязглузда, і мы пастанавілі пайсьці ў "Камяніцу". Ужо даўна прыглядаліся да гэнае рэстарацыі, але неяк не выпадала пайсьці.

Дык вось, даволі ўтульна ўнутра, дзяўчаткі ў стылізаваных строях абслугоўваюць, назовы ў стравасьпісе на старажытнай літоўскай мове, нават, так-бы мовіць, жывыя танцы былі, а потым прыгожая дзяўчына прынесла вялікія ружы набыць для каханых... Стравасьпіс даволі вялікі - мы спачатку яго грунтоўна так прагледзелі ;), стравы прыемна адмысловыя. Мы замовілі спачатку скручаныя кавалкі вяндлінкі з хрэнам, каляровую капусту ў сухарох. Потым быў тэрмін асноўным стравам: я замовіла цэпеліны з грыбамі, а Дзяніс - шашлык з вострым соўсам. А на заедак быў печаны з валоскімі гарэхамі й разынкамі яблык. Добра так падсілкаваліся :).

Я упадабала гатаваць шчэ з таго часу, калі ў школе пачалося выкладаньне гатоўкі на зянятках працай. Прыходзіла дахаты й пачынала эксперымэнтаваць. З таго часу пачалося маё творчае стаўленьне да рэцэптаў. Я да іх зьместу падыходжу заўсёды з асабістым густам. А потым паглядзела стужкі "Чакаляда", "Смак жыцьця", апошнім часам "Рататуй". З гэтых твораў "Рататуй", напэўна, найулюбёны :). Калі яго гляджу чарговы раз, такі рамантычны настрой поўніць сэрца!

Калі ямо ў рэстарацыі, почасту гляджу на страву собскімі вачыма, мяркую, якім-бы чынам я яе згатавала. Сёньня таксама нейкія думкі зьявіліся ў працэсе, так-бы мовіць :). Але гэта ўжо застанецца па-за ЖЧ, бо вячэра была сёньня цудоўная.

сьвяты

Previous post Next post
Up