"НЯВАРТА": АНТОНІ ЭДВАРД АДЫНЕЦ ЯК ЛЮСТРА БЕЛАРУСІ-2020

Oct 27, 2020 13:09

У сваёй 700-старонкавай “Гісторыі польскай літаратуры” Чэслаў Мілаш адводзіць Антонію Эдварду Адынцу ўсяго палову сказу ў 10 словаў, тры зь якіх - гэта імя Антонія Эдварда Адынца:

“Вандруючы па Нямеччыне зь сябрам, Антоніем Эдвардам Адынцом (другарадным паэтам), Міцкевіч…”

І вось у 2020 годзе ў Беларусі па-беларуску ў выдавецтве “Лімарыус” выходзіць 350-старонкавая кніга гэтага "другараднага паэта".

Нахрана, спытаецеся вы.

У маім жыцьці апошніх трох гадоў былі пэрыяды, калі я штодня задавала сабе гэтае пытаньне. Мучалася, пакуль не здагадалася скіраваць яго па адрасе - да Аляксандра feduta, які ўцягнуў мяне ўва ўсё гэта. Ну, канечне, пытаючыся, я ўжыла менш стрэмную і больш стрыманую стылістыку.

“Спадар Аляксандар (прынцыпова не называю яго Іосіфавічам) навошта вы перакладаеце, дасьледуеце і выдаяце вось гэта ўсё?”

Адказ быў шчыры і маркотны:

“Я такім чынам аддаю доўг за самі-ведаеце-што. Спадзяюся, грэшны, што калі дойдзе да расправаў, мой пазьнейшы даробак улічаць і ня вельмі моцна расправяцца”.

(На ўсякі выпадак расшыфрую “самі-ведаеце-што”, для студэнтаў. У 1994 годзе Лукашэнка сумленна перамог на дэмакратычных выбарах у Беларусі, бо за яго тапіла вельмі моцная каманда: іх называлі “маладыя ваўкі”. Лічылася, што яны прыйдуць да ўлады пад прыкрыцьцём папуліста, а там ужо ўсё возьмуць у свае рукі. Але выбіўшыся ў прэзыдэнты, Лукашэнка зрабіў па-свойму, і найперш расправіўся з паплечнікамі. Зь некаторымі - літаральна: Віктар Ганчар зьнік і, як выглядае, быў забіты па вусным загадзе Лукашэнкі ў 1999 годзе. Аляксандар Фядута - паліттэхнолаг Лукашэнкі да выбараў - быў звольнены з дарадцаў новага прэзыдэнта ледзь не ў тым жа 1994-м пасьля таго, як спытаўся ў Аляксандра Рыгоравіча, калі той зьбіраецца перавозіць у Менск жонку са Шклова. З таго часу ў Беларусі Фядута, за рэдкімі выключэньнямі (2010 год) займаецца пераважна журналістыкай і літаратуразнаўствам).

Я не адразу сьцяміла, як шматслоўная Адынцова пісаніна можа ўратаваць Беларусь і заадно рэпутацыю Фядуты. Бо ў галаве тады сядзелі адны трынаццаціскладовікі.

І толькі нядаўна ў маёй галаве ўсё стала на свае месцы.

Фядута - прафэсійны філёляг-русіст, гэтаму рамяству навучаны яшчэ ў СССР. Тэма ягонага жыцьця - літаратура ХІХ стагодзьдзя. А дасьледаваньне рускай літаратуры ХІХ стагодзьдзя ў Беларусі эта… ну такое.

"Веневіцінаву розу, ну а персьцень - нікаму".

І разам з тым існуе цэлы нявораны пласт літаратуры, пра якую сёння нічога невядома, бо яе аўтары нарадзіліся тут. Гэта творцы, якія пасьля трох падзелаў Рэчы Паспалітай зрабіліся падданымі Расійскай Імпэрыі, часта нават пісалі па-руску, але на вякі засталіся для ўсіх “другараднымі”.

Не, я зараз не пра тое, што Адынец - геній з Ашмяншчыны, знойдзены пад плотам і вернуты беларускаму народу як сьветач.

Гэта ня той выпадак, паверце. Наш сьветач па-ранейшаму - Адам Міцкевіч, сонейка яснае. Адынец, друг ягоны, быў ваісьціну другарадным і сам эта асазнавал. І мы гэта асазнаем і крывіць душою ня будзем.

Але чытаць Адынца сёньня безумоўна варта,

таму што, выдаючы і камэнтуючы такія дакумэнты эпохі, як ягоныя ўспаміны, Фядута робіць адну важную рэч. Ён узнаўляе для нас той кантэкст гісторыі і культуры, пра які мы ня ведалі, бо ўсе папярэднія эпохі нам расказвалі пра аднаго Аляксандра Пушкіна.

А вяртаць людзям іх уласны кантэкст - гэта прамая дарога да пераменаў.

У мяне даўно ляжыць праект эсэ пад назвай “Пушкін - наша а-хто-ты-такі”. Але чым далей у лес, тым усё паказвае, што пісаць яго няма сэнсу: беларусы і так усё разумеюць. Напрыклад, у Менску я жыву ў квартале, які ў 1937 годзе горадабудаўнікі назвалі “Пушкінскі пасёлак”, у гонар, уласна, стагодзьдзя. (Для студэнтаў: 100-годзьдзя з дня сьмерці Аляксандра Пушкіна). Выбіраючы сьцяг і тэму квартала на досьвітку нашай дваравой салідарнасьці, мае суседзі сказалі: “Пры чым да нас Пушкін?” - і назваліся “Квартал Літаратараў”.

Самі назваліся, разумееце?

Такія рэчы - заслуга ня толькі няўмольнага часу пасьля скасаваньня СССР, але і такіх навуцоўцаў, як  Фядута.

Іншыя важныя кнігі з  серыі "Наш ХІХ век", выдадзеныя і апрацаваныя Аляксандрам Фядутам:




Важныя выданні
Вильна 1823-1824: Перекрестки памяти / Сост. Федута А. И; вступ. ст. коммент. Лавринец П. М., Рейтблат А. И., Федута А. И. - Минск: Лимариус, 2008. - 244 с.

Александр Федута. Филомат в Империи: Документальная повесть о Франтишке Малевском. - Минск: Лимариус, 2019. - 464 с. Чытаць кнігу ў ПДФ.

Мы са спадаром Аляксандрам пазнаёміліся спачатку аднабакова. Я, калі была студэнткай, часта стаяла за ім у чарзе ў яшчэ старой Нацыяналцы, ён браў або здаваў нейкія таўшчэзныя архівы, мяне ўражвала ўжо толькі вага тамінаў, і я думала: “Во чалавечышча!” Па часе сустрэч, думаю, ён тады працаваў над выданьнем прозы Фадзея Булгарына ў “Беларускім кнізазборы”. Праз колькі гадоў, калі дайшло да прафэсійных кантактаў, Фядута паклаў на мяне вока, бо я перакладала з польскай мовы, а русісту ХІХ стагоддзя, які займаецца Беларусьсю, без польскай мовы ніяк, вы-жэ-самі-всё-панімаеце.



Кніга, над якой тады працаваў Фядута
Але ў мяне былі іншыя пляны на духоўнае жыцьцё і літаратуру (на катэдру гісторыі русліту я рашуча не пайшла яшчэ на філфаку), таму ад зваблівых Фядутавых прапановаў беларусізаваць розных тутэйшых ноўнэймаў для “Лімарыуса” я ветліва адмаўлялася.

Пакуль ня здарыўся этат чортавы Адынец.

Гэта быў асаблівы выпадак. “Успаміны пра мінулае” з польскай мовы пераклала ўжо Яніна Кісялёва. Пэрэфэкцыяніст Фядута хацеў, каб кніга выйшла тоесная арыгіналу - а ў ёй яшчэ заставалася абеларусіць у суме 1000 (тысячу) радкоў вершаў. І да мяне два перакладчыкі адмовіліся ад праекту.

Карочы, я іх усіх (уключна з Адынцом) проста пашкадавала.

На сваю галаву.

Зрэшты, менавіта праз унікальнасьць тэхзаданьня ў мяне быў картблянш - я магла адкрыта клясьці талент Антошачкі ў афлайнавых смалтоках і пісаць усё, што пра яго думаю, у фэйсбучыку. Там і разгортвалася драма, якая займела хэштэг #ніднябезадынца.

Паколькі дэдлайн на рэдактуру прозы і ўстаўляньне ды камэнтаваньне вершаў расьцягнуўся да бясконцасьці, Фядута не вылазіў з маёй ФБ-старонкі, дзе посьціў злых пандаў і пакрыўджаных сабачкаў пад кожным маім допісам 2018 і 2019 году, не пакідаючы мне права на прыватнасьць.

Але ўсё скончылася добра.

У канцы лістапада ў мэмуараў Адынца прэзэнтацыя.



Усё скончылася добра. Хутка будзе прэзэнтацыя
Сёньня, калі кніга нарэшце пайшла ў друк, у мяне камень з сэрца, таму я абвяшчаю ноч рэтраўматызацыі. Зьбіраю тут храналягічна свае зацемкі падчас перакладу, каб разам з вамі згадаць, как эта была.

Нагадаю яшчэ толькі, што рубрыка #няварта - гэта мой пэрсанальны тролінг Яна Максымюка, рэдактара рубрыкі “Варта” на “Радыё Свабода”. Аднойчы ён пасьмеў сказаць мне, што маё пляваньне ядам не цікавіць мэтавую аўдыторыю РС, таму мае адмоўныя рэцы я магу засунуць сабе ў ЖЖ. Я глыбака ў душы перакананая, што менавіта праз гэта іх сайт цяперака і недаступны ў Беларусі.

Oh karma, thou art a heartless bitch.

Сам дзёньнік можна прачытаць тут.

літаратура, #няварта, няварта, #ніднябезадынца, белліт

Previous post Next post
Up