Тры гады таму я ўжо
зьвярталася праз гэты блог да людзей, адказных за выпраўленьне на Эўрабачаньне беларускіх сьпевакоў. Тады я хацела шчыра дапамагчы ім, раскрыць вочы на пэўныя аспэкты. З таго часу я жыла спакойна, бо тэлевізара ў нас з К. няма, і гэта ўсё неяк мінала паўзь мяне.
Але вось учора я засталася на вечар бацькоў, каб падрубіць фіранку, і паглядзела ня толькі Эўрабачаньне, але і ток-шоў перад ім. З ток-шоў я зрабіла выснову, што а). адказным людзям вельмі баліць за гэтае самае ЭБ. б). яны пільна манітораць усё, што пішуць пра конкурс у інтэрнэце і горача рэагуюць на гэта.
У спадзеве, што праманітораць і мяне, я пішу гэтыя радкі.
Ну вось напісалі людзям тры гады таму чорным па белым (здаецца, дызайн майго ЖЖ ніколі не мяняўся). Чорным па белым напісалі: перамагае сьпявак, на якім няма стразаў. І што я ўчора пабачыла? Яны вырашылі, што іх праблема ня ў стразах, а ў тым, што іх а). мала б). стразы - гэта не каштоўныя камяні. І таму сукенку Алене Ланской пашылі з сапраўдных дыямантаў. Я была шакаваная, калі даведалася. Бо, па-першае, апошні раз такое канала ў ХІХ стагодзьдзі, калі яшчэ не нарадзілася Шанэль, а, па-другое, у целіку і стразы, і дыяменты блішчаць аднолькава.
І яшчэ адно назіраньне. Вось нам тут усе кажуць, што мы - гета і сэкта. Але з таго, што я чула ад камэнтатара БТ, гета і сэкта - наадварот, беларуская эстрада. Прынамсі, камэнтатар БТ з галавой паліў кантору. "Ну вось Сэрбія нам зараз паставіць 12 балаў, зуб даю!" - крычыць хлопец. У выніку Сэрбія ня ставіць Беларусі нічога. "Дзіўна, - дзьдзіўляецца камэнтатар, - у нас жа тры бэк-вакалісткі - этнічныя сэрбкі!" Тое самае ён потым казаў пра Кіпр ці Грэцыю, бо нумар ставіў этнічны грэк ці кіпрыёт.
Я думаю, трэба было кіроўцу для службовага бусіка з Мальты наняць. Гэта дало б беларускай дэлегацыі дадатковыя шанцы.
Вы ведаеце, я ня супраць Эўрабачаньня. Я наадварот лічу, што папса - законная частка эўрапэйскай культуры. Прынамсі, Стэфана Эрыксана, безагаворачна культавага цяпер, я ўпершыню пабачыла ў 2006 годзе ў аўтобусе, які ехаў у Пінск, зь мікрафонам у руках, а на аўтобусным відзіку круціліся кліпы АББА, і Эрыксан хорам падпяваў кліпам разам са студэнтамі ін'язу.
Але горача падтрымліваць буду толькі тады, калі мне прад'явяць першага беларускага выканаўцу, які не падпадае пад катэгорыю "трэш". Але гэтага ня будзе ніколі.