ГОЛЕМ АТАКУЕ

Mar 15, 2013 15:30

Як вядома, Юры Станкевіч не толькі не атрымаў прэміі Ежы Гедройца, але і, паводле пратаколаў, чамусьці зьлітых у сеціва, заняў у фінале апошняе месца. Ён вельмі расстроіўся з гэтай нагоды і вырашыў падаць на мяне ў суд за негатыўныя выказванні пра ягоныя творы - як нядаўнія ў прэсе, так і ЖЖ-шныя двухгадовай даўніны. Праўда, судом пакуль толькі пагражае, а збольшага раздае інтэрвію.

Да мяне зьвярнулася журналістка Марыя Дуброўская просьбай пракамэнтаваць інтэрвію Станкевіча, якое мяркуюць надрукаваць у "Тэкстах". Само інтэрвію, праўда, мне не паказалі, затое задалі два пытаньні, сказаўшы пры гэтым, што не абяцаюць надрукаваць адказы цалкам, бо ў часопісе можа не хапіць месца.

Каб ашчадзіць каштоўнае месца ў часопісе "Тэксты", вырашыла адказаць на пытаньні праз блог. Гэты тэкст можна будзе працытаваць у часопісе ў любым аб'ёме.

Тэкст камэнтара (стылістыка пытаньняў М. Дуброўскай захаваная):

1. Вашы тэксты на прозу Ю.Станкевіча вельмі эмацыйныя, рэцэнзіі ў тым ліку. Дзеля чаго вы аналізуеце творы Ю. Станкевіча? (калі апрыёры ведаеце ўласнае негатыўнае стаўленне)

Я напісала толькі адну рэцэнзію на творы Юрыя Станкевіча - "Голем на пераходзе" (пра кнігу "Шал"). Я не лічу гэты тэкст ані эмацыйным, ані адмоўным. Больш за тое: паводле выказваньняў у інтэрнэце выглядае, нібы рэцэнзію лічаць станоўчай і нават бачаць узаемасувязь паміж ёй і тым, што даволі спрэчная кніга "Шал" была прызнаная адной з найлепшых, выдадзеных у Беларусі ў 2012 годзе. Добрае пытаньне, дзеля чаго я аналізую тэксты Станкевіча. Магчыма, дзеля таго, дзеля чаго я ў вогуле аналізую сучасную беларускую літаратуру. На мой погляд, адсутнасць глыбокага аналізу - трывалая традыцыя беларускай літаратуры апошніх гадоў васьмідзесяці. Традыцыю гэтую, я думаю, варта парушыць. Адсутнасьць аналізу, падмена яго кампліментарнай або выкрывальніцка-павучальнай эрзац-крытыкай вядзе да таго, што літаратурная іерархія сучаснай літаратуры Беларусі выбудоўваецца не паводле мастацкай вартасці твораў, а паводле іншых крытэраў. У выпадку са Станкевічам такі крытэр - ідэйныя перакананьні аўтара.

Што тычыцца маіх іншых выказваньняў пра творы Станкевіча, то вы пытаецеся, чаму я не магу прамаўчаць адносна таго, з чым унутрана нязгодная. Маўчаць, не выказвацца супраць таго, з чым нязгодны, - гэта яшчэ адна мудрая і ўзважаная, правераная стагоддзямі традыцыя беларускай інтэлігенцыі, якую, на маю думку, варта парушыць. Тое, што піша ў сваёй прозе Станкевіч, я лічу сацыяльна небяспечным і пачуваюся абавязанай выказацца супраць прапаганды гвалту, абразы людзей паводле расавай прыналежнасці або сэксуальнай арыентацыі, прысутнай у творах Станкевіча. Раблю гэта звычайным для мяне спосабам - высьмейваю яе.

2. Ці не напружвае вас тое, што пакрыўджаны аўтар можа звярнуцца ў суд?

Да таго факту, што Юры Станкевіч можа зьвярнуцца ў суд, я стаўлюся станоўча па дзьвюх прычынах. Па-першае, беларускае грамадзтва мае нізкую прававую культуру і не прызвычаілася бараніць свае правы, гонар і годнасьць публічна: у прэсе або ў судзе. Таму любы факт судовага разьбіральніцтва не праз грошы, а праз прынцыпы, па маім перакананьні, будзе сьведчыць аб прагрэсе ў гэтым накірунку. Па-другое, калі Юрыю Станкевічу давядзецца даказваць у залі суда, што ён ня Брэйвік, - значыць, мае выказваньні дасягнулі мэты.

не магу маўчаць, скандалы, белліт

Previous post Next post
Up