Цяпер, калі нанесены трэці слой ляку, я магу расслабіцца і расказаць, як пачуваецца чалавек, калі лепіць сурвэтку на акрыл.
Пачуваецца мегатворцам, я вам скажу. Галоўнае - змачыць сурвэтку лякам для валасоў "Лапух і крапіва". Іначай яна рвецца і шкуматаецца. Шэсць сурвэтак я ў суме наляпіла, шэсьць парвала ў працэсе.
У працэсе я неаднаразова адчула сябе
reina_de_bastos. Як вядома, свой раман пра дона Джавані тая пісала восем гадоў. На пытаньні, чаму яне не папусьціцца і не дэбютуе кароткімі апавяданьнямі, якія піша няблага, тая фыркала і казала, што пісьменьнік - гэта калі раман, а не абы што. Вось і я беспасьпяхова спрабавала наляпіць на буфэт цэлую сурвэтку. Але, у адрозьненьні ад Шаровай, мне бракуе упартасьці і цярплівасьц. Калі стаў відзён крэс сурвэткам, я здалася. Да мяне дайшло: этымалягічна дэкупаж - гэта выцінанка. Дык выцінай і не выётвайся, дура.
Калі падабраныя адпаведныя тэхналёгіі і, галоўнае. закуплены ляк для валасоў "Лапух і крапіва", адбываецца самае страшнае - дэкупаж галаўнога мозгу. Тут галоўнае ўчасна спыніцца агледзець справу рук сваіх і асадзіць назад, не заляпіць сурвэткамі літаральна ўсё, а то няясна будзе, чым ваша тумбачка адрозьніваецца ад бабульчыных шпалераў. Я крыху заганяюся, бо калі апамяталася, шмат сурвэтак ужо было надзейна прылеплена да шматпакутных дзьверак. Але вырашана: хай так і застаецца. Дэкупаж - старасьвецкая тэхніка, і таму ляпаць на буфэт Шагала або Кандзінскага эстэтычна немэтазгодна. Дэкупаж - тэхніка на мяжы кічу, дык хай яно і застаецца на гэтай мяжы.
Шматпакутныя дзьверкі я загрунтавала крыва. Ёсьць рытвіны, і вельмі цяжка будзе пераканаць староньніх эсьпертаў, што гэта я так імітавала валокны драўніны, бо такая фактура можа быць хіба што ў самшытаў на плянэце Пандора. Таму ў працэсе было вырашана абраць правераныя сучасным мастацтвам творчыя мэтады "мама, я малюю" і "художнік так відзіт" . Будзем сродкамі масавай інфармацыі распаўсюджваць вэрсію, што буфэт размалёўваў стары галяндзкі марак у паўзах паміж плаваньнямі.
Да, гжэль на праверку выявілася галяндзкімі ізразцамі. А то чо-та мне ўсё здавалася, што нешта зь ёй ня так!
Сутнасьць рэнавацыі буфэту ў тым, што ён павінен і надалей несьці па жыцьці вазы і філіжанкі. Была праробленая глыбінная ўнутраная праца: пачышчаная фурнітура, перакручаныя ўсе мэталічныя часткі, загрунтаваныя старыя паверхні, замовілі новае шкло. Дэкупаж выявіўся ўсяго тэхнікай для канчатковага афармленьня. Але ўтыкаць будуць усё адно толькі на яго. Калі параўнаць наш буфэт з Асяй Паплаўскай, то можна сказаць, наш буфэт набіў татуху.
Буфэт - "храніцель сямейных сікрэтаў". Менавіта так іх упарваюць пакупнікам на сайце адной мэблевай студыі. Магчыма, менавіта таму ад маіх пастоў пра дэкупаж некаторыя франды вырашылі, што багата ведаюць пра маё асабістае жыцьцё. Няпраўда, людзі! Я яшчэ шафу фарбую і стол. Але чаго не напісана, таго няма!
Моцна ўсіх абдымаю!