Пра маленькую Марыльку

Dec 09, 2006 19:29

Маленькай Марылі трэба было ў школе напісаць сачыненне “Мой любімы горад”. У маленькай Марылі не было любімага горада, дакладней яна не была ўпэнена, што Кофферэн, у якім сто сорак два дамы, Feuerlöschmannschaft, цыгарэтны аўтамат, хтосьці акрамя яе палічыць горадам. І яна прыдумала любімы горад.

Любімы горад Марылькі жыў спрэчкмі вераб’еў на дахах, вечаровымі спевамі, травеньскімі дажджамі, пахамі хатняй піцы, размовамі на тэрасе, закаханнасцю і улюблёнасцю.

Ранкамі Марыля прачыналася ад паху печыва, і шоргату колаў аўтамабіля. На першым паверсе яе чакала ранішняя кава і “Добрай раніцы, Töchterchen”. Школьны аўтобус вазіў за чатыры кіламетры ў Юліх на заняткі. Пасля заняткаў Марыля разам з гарэзлівай Сільвія каталася на роліках ці размаўляла з яе сястрой - ганарлівай Катарынай - пра розныя дзіўныя рэчы. Размовы з Катарынай Марыля трывала толькі таму, што ў пакоі ў Катарыны захоўвалася калекцыя лялек яшчэ яе прабакі. Стогадовыя лялькі выклікалі паважлівае захапленне дванаццацігадовай Марылькі, якая ролікі любіла ўсё ж больш. Па аўторках Марыля хадзіла да Сюзанны - тая нібыта павінна была займацца з ёй граматыкай, але кожны аўторак Марыля чула новую дзіўную гісторыю. У чатырнаццатым доме на той самай вуліцы, дзе і зараз стаць Марылькін дваццаь першы родны дом, жылі Трудзі, Гюнтар і іх чатыры коткі. Да іх Марыля скакала праз плот з гномамі.

Марыля дадала ў сачыненне яшчэ і лістаноша, і вясёлых пажарнікаў, і сквапну бабцю, што гандлявала алкоголем, і маленькую gelaterria з самым смачным у свеце марозивам.

Настаўніца даводзіла малой Марыле, што горада такога не існуе і трэба пісаць пра рэчы рэальныя, ды і не пра горад гэта ўсё панапісана, а пра нейкіх людзей. Марылька пакрыўдзілася і не пісала больш сачынненяў пра любімыя рэчы, каб розныя вучыцелькі не маглі абразіць Марылькіных любімых. Няма ў Марылькі больш рэальнага любімага горада. Можа толькі трохі Марылька перабольшвала.

У любімым горадзе як і раней пахне печывам ранкамі і самае смачнае на свеце марозіва. Толькі Сюзанна памерла, Сільвія вучыцца ў Мюнхене - хоча быць лекарам, хлопчык, які катаў Марыльку на матацыкле ажаніўся, і Франц стаў надта стары, каб трымаць коней.

Ды Хэльмі з кожным годам кашляе ўсё больш і больш, зноў пачала паліць сваі легкія Мальбара. Усміхаецца нібы гэта ей столькі гадоў, колькі Марыльке і какетліва кажа, што баіцца новага доктара.

Мая маці зноў кажа, што калі я апавядаю пра месцы, адкуль вярнулася, можна пачуць толькі пра людзей і ніколі не паразумееш, што ж гэта за гарады і краіны. Гарады і краіны я пакідаю паштоўкам ды фотакарткам, а вось людзі - яны мае. Гэта ў нас з маленькай Марылькай аднолькавае.
Previous post Next post
Up