Nov 11, 2006 16:32
Маці майго бацькі, мая бабця, жанчына вельмі special. Вось напрыклад, мне заўжды было цікава яе стаўленне да палякаў. Ніколі яна не хавала сваёй ці то нянавісці ці то зайздрасці да палякаў суседзяў, да ўсяго польскага, крывіла сваі прыгожыя вусны ў словах “пальшчызна”, а я падхапіла ад яе слова куркуль, якім вельмі абражала братоў у дзяцінстве. Я не разумела прыроды гэтага пачуцця, ды пачуцця не разумела.
З маім дзедам бабуля жыве ўжо больш за пяцьдзесят гадоў. Дзед з бабцей паміж сабой размаўляюць па-польску. Але кожны раз сарамліва прыпыняцца, калі іх на гэтым падлавіць. Мая бабця - выкладчыца рускай мовы і літаратуры, усё жыцце па-за савецкім часам саромілася свайго польскага паходжання і забараняла сваім сынам размаўляць па-польску ды й па-беларуску чамусьці таксама. Саромілася, баялася - хто ж гэта ведае. Але ж дзеда папракала яго вясковасцю і ў лаянках нагадвала яму, што каб не савецкая ўлада, маўляў, не ажаніцца яму б з ёй ніколі. Не ведаю з-за гэтага дзед не любіў той улады ці яшчэ з-за чаго.
Бабціна “шляхетнасць” ніколі нікога не пераконвала. Не заўважалі што і гонар у бабкі сапраўдны - шляхетны, і постаць ды прыгажосць няпростыя, вымаўленне расейскае занадта правільнае, бо мову вывучаць давялося ўжо ў сталым узросце, ды да таго ж уся гэтая таямнічасць сямейных міфаў. Мы пасмейваліся і пакеплівалі з яе, дзед толькі спыняў гэтыя кпіны даволі жорстка.
А летась мая бабуля Анна-Марыя распавяла мне пра тое, што бацька яе быў польскім афіцэрам, малодшым сынам у сям’і, якога яго бацька паслаў вучыцца ў Варшаўскую ваенную акадэмію. Мой прадзед Міхал загінуў у першыя дні Другой Сусветнай вайны невядома дзе, бо быў польскім афіцэрам, якога не растралялі падчас рэпрэсій, а толькі выслалі з усёй вялікай сям’ёй у Сібір, каб пасля ён мог загінуць за вялікую савецкую радзіму. Жонка яго, маці маёй бабці, збегла разам з трымя маленькімі дачкамі пад Познань да сваіх бацькоў і таму пазбегла Сібіры. Мая бабця, старэйшая з усіх, не надта памятае бацьку, толькі па старых здымках і маціных размовах.
Бацька бацькі маёй бабулі, Ян Місак, прыехаў за сваім старэйшым братам, які набыў вялікі кавалак зямлі на Беларусі, ў 1912 годзе з С.-Пецярбургу. У Расейскай імперыі браты апынуліся на два гады раней, калі вымушаны былі бегчы з Вены. Па словах маёй прабабкі паходзілі браты з заможнай шляхетнай сям’і і былі вядомыя сваімі рэакцыйнымі ідэямі і анцідзяржаўнымі настроямі. Але нешта не заладзілася ў Аўстра-Венгерскай сталіцы і браты, змяніўшы прозвішча збеглі ў Расею. Там яны не затрымаліся, перабраліся ў Варшаву, а пасля набылі зямлю на Беларусі. Сапраўднага прозвішча аўстрыйскага прапрадзеда ніхто не ведаў, мабыць і былі ў яго падставы змяніць яго на чэскае Місак, а пасля ўзяць прозвішча сваёй жонкі Магдалены і стаць Кліпацкім. Магдалену Ян сустрэў у Варшаве, тая закахаўшыся ў яго, адмовілася ехаць з бацькамі ў Штаты і засталася з ім на Беларусі.
Прапрадзед заснаваў на Беларусі вёску з дзіўнай назвай Кліверпуль, пабудаваў у вёсцы на сямнаццаць дамоў касцёл. Яго жонка Магдалена прыгожа спявала у касцёле па нядзелях. Пасля трыццаць дзевятага года, касцёл зруйнавалі, вёску пераназвалі ці то ў Савецск ці то ў Кастрычнік. Зараз засталіся толькі фамільныя могілкі, дзе пахавана маці маёй бабулі і брат Міхала Вінцэсь. Ды і могілкамі назваць гэта цяжка, мо толькі бабуля мая і памятае, што гэтыя дзве пліты - могілкі.
Маці маёй бабкі памерла рана, хацела быць пахаваная побач з заснаваным бацкай мужа касцёлам, спадзявалася, што Міхал яе вернецца з Сібіры ў іх вялікі дом і будзе наведваць яе, ці калі не, дык будуць ляжаць побач. Але Міхал не вярнуўся. І бабця мая з сестрамі так і не паспелі вярнуцца ў Польшчу, вайна пачалася, здаецца. Прапрадзед і яго брат Стэфан загінулі ў Сібіры.
А бабця з дзедам дванаццаць год таму набылі дом з садам у пяці кіламетрах ад польскай мяжы ды раз у год ездзяць на кліверпульскія могілкі.
пра бабцю