(no subject)

Jun 14, 2015 23:13

Я памятаю ўсё, калі застаюся адна на дачы, куды нарэшце выбіраюся пасамотнічаць, але мяне гэта больш не хвалюе. Не хвалюе, ці наваліцца яно ізноў на мяне, калі вярнуся ў Вавілон - хутчэй за ўсё так, але якая мне розніца да гэтага зараз? я зараз распахну дзверы і вынесу перакошаны фатэль пад ігрушу, там жа пастаўлю зэдлік, а тады буду жаваць са старой металічнай міскі  са шчарбінамі (гэтыя міскі з дзяцінства на дачы, як і многія многія іншыя рэчы!) сваю няхітрую вячэру - і нічога смачнейшага за яе на свеце не будзе ў гэты момант, нават пах шашлыкоў з суседняга ўчастка мяне не пераканае: ух, як разыгрываецца апетыт на свежым паветры!
я нікуды не буду спяшацца: вымету засраную братам і братавай хату, пазасмугаю (вось раптам захацелася мне!), вып'ю малака,якое намарозіла старая лядоўня, трохі пачытаю - якое ж прыўкраснае, прыўкраснае жыццё, ах, лета, гэта ж ты ізноў мне нашэптваеш! патэляць з Жо былыя аднакласнікі - не, рабяты, я сёння медытую, самотнічаю! - і іду на некалькі гадзін гуляць без гадзінніка і тэлефона па палёх лясох дачах, размаўляю з дарагімі  любымі прывідамі, голасна спяваю і зноў бачу, як Бог ся являє: у ваблоках ці, у чырвоным дыску сонца ці, у дзмюхаўцы, у кожным подыху  спакойнай велічнай прыроды. а тады, нагуляўшыся, буду піць чай з кубачка, якіх бацька калісьці нахалтурыў цэлую скрыню, і не аб чым не думаць! буду дыхаць свежасць, ноч, сосны, печку і ўсю хату, нават пыл - вось што самае сапраўднае ў сусвеце.
настане ноч - пайду ў прахалодную драўляную хату на фільм, уладкуюся на шырачэзным ложку, абклаўшыся стогадовымі парэпанымі коўдрамі, ад таго асабліва цёплымі і ўтульнымі. перад гэтым зачэрпаю сцюдзёнай вады з вёдраў, каб трохі абмыцца, завешу вокны і выйду на двор паглядзець на зоркі ды паслухаць спевы жабак на балотах. а раніцай - не наважуся праспаць тую свежую, цёплую і асабліва прыемную гадзінку перад гарачым днём.
мабыць, упершыню я прымала сонечную ванну порцыямі па 20 хвілін, атрымлівала добрую дозу вітаміну Д, а тады бегла астываць у хату, а яшчэ - які асаблівы кайф - аблівалася вадой, якую паставіла грэцца на сонечку. і такі трохі засмугла! і прыняла б яшчэ, але ў прыроды настала пахмурнасць і дождж, але ж я не сумую - ты дасканалая, прырода, няма прычынаў для смутку.
я, здаецца, нічога новага і асаблівага не напісала зараз - тое ж самае было са мной (і доказ гэтаму можна знайсці ў маім жж) калісьці на эльбе ці падчас цудоўных фестывальных летаў - летаў, калі ля кастроў на палянах запавольваецца і  цячэ шчаслівае жыццё, калі ўсё так зразумела і проста і зусім не верыцца, што ТАМ, куды аднойчы давядзецца вярнуцца, чакае нешта іншае
Previous post Next post
Up