Уступ.
Жыццё без працы - нішцяяяяяяк!
Гештальты мне раптам надакучыла закрываць,цяпер я цёгаюся па горадзе,з Веранічкай ці без,з кімсьці яшчэ ці без нікога - у нядзелю заехала ажно на Цнянку і гуляла там басанож. Хацелася нават скупнуцца,але ўжо вецер халодны дуў - насоўваліся панядзелкавыя прымаразкі.
Ад Нямігі на траліку- і абавязкова паўцякаць ад канторы, наверх у Цэнтральны па любімае марозіва,а на днях (ну захацелася мне!) - віскарык за 12 тышч і шпінатныя слойкі (Надзейка,прывіт!) І я першая буду захінаць "Цэнтральны" ад экскаватараў, калі яго надумаюць знасіць.
Не разумееце, чым займаюцца безпрацоўныя? Непадалёк ад дома сцягнуць паддон, валачы яго паўгадзіны, а назаўтра сцягнуць яшчэ адзін. У панядзелак традыцыйна мова. У аўторак - ах маё каханне Марціновіч, падпішыця кніжачку. Хаця брашу,ніякую кніжачку я не прасіла падпісаць,яе ж купіць спачатку трэба. У сераду - паглядзець чарговы раз на Святлану Алексіевіч. Харошая жанчына,добрая. У чацвер проста паўгараць,носячыся па горадзе з сябрамі. У пятніцу - бясплатны канцэрт "Нельга забыць" (яны ўжо даплочваць мне павінны як пастаяннай наведвальніцы!),у суботу:
-Добры дзень
-Здравствуйте.Студентка?
-Не.
-20 тысяч *хаця дарослы 50!*
-У мяне няма 20-ці тысяч.15 ёсць! А 20-ці няма...
-Аааай,проходите так!*махае рукой і нічога не бярэ*
І я на халяву разглядаю экспазіцыю "Назад у БССР" у Музеі гісторыі Мінску.
....а ў нядзелю з нейкага перакліну самотнічаць і баяцца людзей...
Эта ж Мінск! Тут столькі клёвых цікавостак амаль кожны дзень!
За мяне ўжо нават на касе даплочвалі. Дробязь - а прыемна.Аааай,чакаць,пакуль я збегаю памяняю "Ролтон" на таннейшую "Мівіну",ну яго! Колькі?
Сёння пакорміць знаёмы seo-праграміст (наогул свет звузіўся да адных праграмістаў вакол!), потым Веранічка падваліць перцу і яблычак, Еля - набранай са сметніцы Еўраопту бульбачкі. З Міхасём уіп'ем піваса ў ТNT, з Надзейкай - чаю ў "Жорнах", ой, у "Зерні", да Багумыча можна зрэдку заваліцца павячэраць. Ды мала хто мяне яшчэ не карміў - вунь некаторыя месяцамі! Ды і не ад беспрацоўя гэта.
***
Учора дзень быў не надта ўдзячны, 70 тышч знікла як не было,я з 10-кай у кішэні,за якія заўтра трэба даехаць да Жо. І тут раніцай (хаха, зайздросце,мая раніца пачынаецца аб 11) тэлефануе мама:
-Алё, Маришка, я тут папе штаны выбираю, помоги! но ты не торопись, поешь хорошенько!
*хаха*
-Да, мам, через 1,5 часа буду.
А да гэтага паспяваю даведацца, што Антось у чарговы раз (раз 6-ы за 1,5 тыдні) прапануе сустрэцца. Ну ладна,-пішу,-і звальваю гуляць з мамай.
Цяпер суперквэст: дабрацца з Каменкі да Нямігі праз кучу канторы,але так і не заплаціць за праезд. Я магу! Саджуся на 13 тралік на Каменнай,але на наступным - ЯНЫ. Цякаць.Праходжуся адзін прыпынак,а кантора - не дура, таксама праехала толькі адзін прыпынак. Ну што ты будзеш рабіць, у мяне няма гро,давядзецца чакаць,калі яны зваляць,каб сустрэць яшчэ праз адзін,і так да самай Нямігі??? Але раптам кандуктарка кажа каляжанцы: "А пайшлі на іншы прыпынак". Ну малайчынкі! Я сядаю ў тралік,дастаю кнігу (сёння папяровая!),але нешта карціць мне абярнуцца.А ў канцы траліка яшчэ адна кантора прыціснулася да дзвярэй! Маць!! Але хто каго баіцца? Кантора выходзіць,бо ўжо ва ўсіх праверыла праезд (акрамя мяне),а я еду далей! ВЫКУСІ!
А мама разгулялася на Нямізе і збіраецца спусціць лям на трое штаноў і кашулю для бацькі. Корміць мяне ў сталоўцы, дае адну 10-ку, корміць марозівам у "Сталіцы",дае яшчэ адну 10-ку.
*каб мне так заўсёды плацілі за яду*
Свой смятаннік яна не можа з'есці самастойна і палову адрывае мне. Я гэтую палову разам з кавалкам хлеба пачынаю заварочваць у сурвэтку. Вочы ў мамы акругляюцца. Гэта шок.
-Мааааам,я так давно делаю -потом на сухарики пойдет,- спрабую супакоіць я.
Выходзім са сталоўкі, і о яшчэ адзін цуд- у ЦУМЕ ёсць туалет!Вось дык дзень! Я тут 2,5 гады пасуся- і не ведала!
-Надо сходить,- кажа мама,- в туалет бесплатный. Я обычно хожу в кафедральный, но там теперь ремонт.
Я так ржу, што ледзь не падаю на падлогу. Ясна? А то вы ўсе са сваім Макдональсам! Макдональс - гэта мэйнстрым!
Яшчэ гуляем, купляем кветкі на вакзале (17 штук альстармерый,што па 9тышч зараз!)-і мама дадому. А я падаю долу каля сценкі Дома быта - і грэюся на сонечку. Зусім хутка яно схаваецца за дом,а пакуль цёпленька! Нават мент, прайшоўшы міма, мяне не зачапіў! Я захлопваю нататнік: дзень такі цудоўны,што лепш ужо не можа быць. Нет уж, можа! І адбываюцца яшчэ 2 неверагодныя падзеі!