Аўтастопскія байкі ад Іллі Ільфа і Яўгена Пятрова
Гісторыі з кнігі "Аднапавярховая Амерыка", якая здарылася як вынік камандзіроўкі Ільфа і Пятрова ў ЗША ў 1935-ым годзе.
Гісторыя пятая.
Верныя свайму правілу - браць у аўтамабіль людзей, што чакаюць на дарозе аказію, ужо недалёка ад Вашынгтона, у Паўночнай Караліне, мы ўзялі на глухой газалінавай станцыі 18-гадовага злопчыка з лагеру "ССС". Гэтыя лагеры былі арганіўаваныя Рузвельтам для беспрацоўных маладых людзей спярша на 6 месяца, - Рузвельт спадзяваўся за 6 месяцаў скончыць з беспрацоўем, - а потым, калі высветлілася, што скончыць з беспрацоўем не так ужо і лёгка, лагеры былі пакінутыя на нявызначаны тэрмін. Хлопчыку трэба было праехаць 80 міль, ад лагера да роднага горада Элізабэттаўн.Падаў даволі халодны дожджык. Малады чалавек зусім скурчыўся ў сваёй летняй кашулі колеру хакі і шырокаполым фетравым капелюшы з дзірачкамі.
Наш апошні хічхайкер крыху адагрэўся ў закрытай машыне і пачаў адказваць на пытанні. Ён не прыбавіў нічога новага да ўяўлення пра тып амерыканскага маладога чалавека, што склалася ў нас, - таварыскі, самаўпэўнены і нецікаўны.
Гісторыя яго звычайная. Бацька - фермер. Справы ў старога ідуць няважна. Хлопчык скончыў сярэднюю школу. Для паступлення ў каледж не хапіла грошай. Пайшоў шукаць працу. Не знайшоў. Давялося запісацца ў "ССС". Там ён разам з іншымі хлопчыкамі ачышчае лясы, капае супрацьпажарныя канавы. Няблага кормяць, апранаюць і даюць 30 даляраў у месяц (5 - на рукі, а 25 - бацькам). Уласна кажучы, гэта грашовая дапамога. Што будзе далей - невядома. Ён ведае толькі адно: ён малады, здаровы, скура ў яго белая, ён грае ў бейзбол. Значыць, усё будзе ў парадку - "ол райт" - і як-небудзь абамнецца. У яго свядомасці няма туману. Наадварот, поўная яснасць. На большасць пытанняў, якія мы яму задавалі, ён не мог адказаць. Тады ён з чароўнай шчырасцю казаў: "Гэта я не ведаю". Але ж, калі пытанне было яму зразумелае, ён адказваў тут жа, не задумваючыся, падрыхтаванай формулай, відаць, цвёрда прынятай у сям'і бацькі-фермера і ў гарадку Элізабэттаўн.
- Але вы ўсё ж такі хочаце паступіць у каледж?
- Натуральна. Хоць я і ведаю хлапцоў, якія з дыпломамі ў кішэнях бадзяюцца па краіне ў пошуках працы. але ўсё ж пасля каледжа лягчэй зрабіць кар'еру.
- Якія навукі вас цікавяць у каледжы?
- Як якія? Тыя, вядома, якія там праходзяць.
Мы праязджалі міма негрыцянскай вёсачкі. Гэта быў усё той жа стандарт негрыцянскай галечы. Знайсці тут ладны негрыцянскі дом было б гэтак жа дзіўна, як убачыць дрэнную шашу.
- Дамы неграў адразу можна адрозніць ад ад дамоў белых людзей, - сказаў наш спадарожнік з усмешкай.
- Няўжо ўсе негры жывуць так блага?
- Вядома, усе.
- Ну, вось вы гадаваліся на Поўдні. Скажыце, ці ведаеце вы хоць аднаго багатага негра?
Юнак паразважаў некаторы час.
- Не, не ведаю ніводнага, - адказаў ён нарэшце.
- Чаму ж гэтак? Хіба негры дрэнныя працаўнікі?
- Не, яны ўмеюць працаваць.
- Мабыць, яны несумленныя людзі?
- Чаму несумленныя? Я добра ведаю неграў. Негры - добрыя людзі, ёсць сярод іх добрыя футбалісты.
- Але як жа так здарылася, што ўсе негры бедныя?
- Гэтага я не ведаю.
- У вашага бацькі ёсць знаёмыя негры?
- У нас шмат знаёмых неграў.
- І вы да іх добра ставіцеся?
- Вядома.
- А пасадзілі б вы такога негра за стол у сваёй сям'і?
Юнак рассмяяўся.
- Не, гэта немагчыма.
- Чаму?
- Ды так, негр і белы не могуць сядзець за адным сталом.
- Але чаму ж?
- Вы, мусіць, з Нью-Ёрку!
Ва ўяўленні жыхароў Поўдня Нью-Ёрк - гэта мяжа вальнадумства і радыкалізму.
- Цяпер скажыце нам вось што. Мы праехалі некалькі негрыцянскіх штатаў і часам бачылі даволі прыгожых негрыцянак. Маглі б вы закахацца ў негрыцянку?
- Так, напэўна, - адказаў малады чалавек, падумаўшы - гэта магло б здарыцца. Сапраўды сярод каляровых трапляюцца прывабныя, а асабліва мулаткі.
- А калі б пакахалі, то ажаніліся б?
-Ну, што вы! Гэта ніяк немагчыма.
- Чаму?
-Гэта немагчыма.
-Ну, а калі б вельмі моцна пакахалі? Ці калі б белая дзяўчына пакахала негра і выйшла за яго замуж?
Маладзён замахаў рукамі.
-Не, адразу бачна, што вы з Нью-Ёрку.
-А што? Такога негра, напэўна, павесілі б?
-Мяркую, што здарылася б што-небудзь у гэтым родзе.
Малады чалавек доўга весела смяяўся.