А дарога зь Менску на Полацак...

Apr 09, 2007 19:43

Суботняя (07.08.2007) выправа ў Полацак натхніла.
Спачатку была сама дарога. Тое, што я люблю больш за ўсё.
Страшэзны дубар (бррр...) звонку і прагрэтае сонейкам празь вялізныя вокны нутро машыны. Дасыпаць недаспанае ўночы было надзвычай прыемна :)
А потым пачаліся цікавосткі.
Спачатку мы спыніліся ля прыдарожнай кавярні-гатэльчыку-падворку (станоўчы прыклад агратурызму). Спачатку ўразілі рэтра аўто, якімі ўтыканая пляцоўна побач, і якія тут выкарыстоўваюцца ў ролі ветранікаў! А потым мы нарваліся на стравусаў. Ня ведаю, ці ім было халодна, але выгляду яны не паказвалі. Далей былі сьвіньні, а, як я потым даведаўся, шчэ далей - козы. Прыемная неспадзяванка.
Потым мы заехалі на тэрыторыю Ўшацкага раёну і праехалі празь вёску Сарочын, якая мне багата чаго нагадала... Але... але... Але мы паехалі далей.
І вось у сарака кілямэтрах ад Полацку мы прыехалі ў ... Гомель. Эмоцыяў ускалынула багата! Ехаць у Полацак а патрапіць у Гомель. Вышыня, што бачылася па левым борце была з даўніх часоў падрыхтаваная да доўгай абароны. Але мы гэта ўсё шпарка праскочылі.
Як праскочылі перад тым і разьвілку на два накірункі, перад якой стаялі тры валуны з таямнічымі надпісамі.
А далей ужо быў Полацак.
Спачатку ён уразіў сваёй занядбанасьцю і правінцыйнасьцю. Потым мы праехалі вялізны надпіс: Полацк - крыніца беларускай культуры (чаму вёдраў не захапілі, каб назапасіць культуры?).
потым зьявіліся такі прызнакі гэнай самай культуры. Але нейкае адчуваньне не давала спакою - ненатуральнасьць і неадпаведнасьць сымболяў атачэньню. Прыемна было ўбачыць перамаляваную паштоўку часоў першай сусьветнай вайны на сьцяне будынка. І адначасова непрыемна ўсьведамляць, што намаляванага ўжо не пабачыш ужывую. Прыемна было бачыць дзьвюхмоўную навенькую шыльду-указальнік у бок прыбіральні. І жахліва было потым пабачыць тую прыбіральню, у якую так вясёла па-ангельску запрашалі.
Але ж галоўнай мэтай быў такі спэктакль. Прэм'ера! Віншую Юрку Ўсьціновіча.
http://historyka.org/index.php?option=com_content&task=view&id=119&Itemid=34
Больш падрабязна пра спэктакль - праз тыдзень, пасьля другога паказу.
А потым была дарога дадому. І беганіна з камэрай і Галічам па ўмацаваным раёне ў Гомлі, і тры валуны з надпісамі і белыя "мухі", якія роем біліся ў шкло...
Previous post Next post
Up