Пра мары

Jun 19, 2016 12:14


Прыбіліся мы са Стэфай да дзядзькі, які запускаў паветранага змея. Дзядзька, відавочна, быў рады такой увазе і з задавальненнем абмяркоўваў завіхрэнні паветра, выбар найбольш удалага месца для запуску змеяў (у мяне нядаўна быў тэматычны правал з беганнем цягам гадзіны і нулявым вынікам) і самастойны выраб гэтых лятальных апаратаў.

Расказаў, што хацеў стаць лётчыкам, займаўся авіямадэляваннем. Але не лёс - не прайшоў камісію, бо праблемы са зрокам.
"А цяпер з такім зрокам бяруць у авіяцыю", - заўважыў дзядзька.

Ён займаецца гандлем, запрашаў наведваць яго краму. І, відаць, усё ў чалавека нармальна.

Але мара - мара так і не здзейснілася, і ён гэта ведае.

Для мяне гэта сумная гісторыя.

Але раскажу іншую тэматычную гісторыю.
Мая знаёмая блізка да 40-ка год атрымала адукацыю ў галіне, адрозна іншай ад дзейнасці, якой займалася да гэтага. Змяніла прафесійную дзейнасць і цяпер гэта проста іншы чалавек. Нават у позірку чытаецца, што яна на сваім месцы. Чаго ўсім нам і жадаю :)

Людзі, Чужая душа - пацёмкі

Previous post
Up