Не дэкрэтным адзіным

Apr 28, 2014 20:26

Цяпер прынята захапляцца жанчынамі, якія не праводзяць адмераны дзяржаваю час у дэкрэтным адпачынку, а рана выходзяць на працу ці актыўна сумяшчаюць прафесійную дзейнасць і выхаванне маленькага дзіцяці. Дык вось я не ацэньваю гэтых узнёслых воклічаў на тэму прысвячэння свайго часу працы.

Выключэнне можна зрабіць толькі ў некалькіх выпадках: калі гэта звышлюбімая справа ўсяго жыцця, калі рэальна не хапае грошай і стаіць пытанне матэрыяльнага забесяпэчння сябе і нашчадка, калі праца хутчэй як прыемнае дапаўненне да дэкрэтнага і ініяк асабліва не адбіваецца на колькасці ўвагі, што атрымае дзіця. Я разумею, што з такім падыходам у Штатах мне было б месца на дне грамадства, але я ў Беларусі, усіх грошай свету ўсё адно не заробіш, ды й не трэба. А дзіця вырасце хутка і дагнаць час ды “даважыць” любові, увагі наўрад атрымаецца.

Напэўна, ёсць рацыя ў тым, што дзяржава афіцыйна адпраўляе мацярок першыя тры гады займацца менавіта дзецьмі. Дарэчы, сумаю дэкрэтных выплат яна падштурхоўвае жанчын думаць пра поўныя сем’і, бо нармальна жыць двум чалавекам на 1,9 млн бел рублёў у месяц нерэальна нават са сваім, а не здымным жытлом. Дык вось, першыя тры гады ў жыцці дзяцей, я так думаю, наджвыйчай пяшчотны ўзрост. І гэта час, калі бацькі (мама і тата) вельмі патрэбныя побач. У маім дарослым жыцці ёсць мноства аб’ектаў і суб’ектаў, якімі я магу заняць сябе, свой час і свае думкі. А для дзіцяці бацькі - цэлы свет. Можна, канешне, пасунуцца ў гэтым свеце і саступіць месцы няні ці сваякам, толькі потым у першых успамінах-асацыяцых гэтага чалавека могуць апынуцца акурат не бацькі.
Разам з тым прызнаю, што звужэнне поля жыццядзейнасці толькі да выхавання дзіцяці і сямейнага быту моцна абмяжоўвае кругагляд (затое можна няспешна чытаць кнігі і займацца захапленнямі ), нават з граматыкаю пачынаюцца праблемы :) Але ж дасягненні цывілізацыі як то інтэрнэт-тэлефон дазваляюць займацца многімі відамі прафесійнай дзейнасці аддалена і не ў рэжыме full-time.

І яшчэ не магу маўчаць! пару слоў на тэму офіснай працы ў цэлым. Гэта самая бязлітасная і бессэнсоўная дзейнасць, з якой я пакуль сутыкалася. Нарэшце я зразумела чаму “белыя каўнерыкі” так любяць пятніцу. З сукупнасці свайго прафесійнага досведу я ведаю што такое чакаць выходных, каб адпачыць фізічна, і што такое не любіць выходныя, бо сумна. Але дагэтуль было неспазнаным лічыць дні да выходных і чакаць чырвоных лічбаў у календары, каб папросту не займацца працоўнымі справамі. Я хачу верыць, што легіён офісных працоўнікаў - людзі, якія рэальна атрымліваюць задавальненне ад цвёрдага графіку працы “ад і да”, перакладання паперак з месца на месца, знаходжання ў офісе нават калі няма чаго рабіць затое можна напісаць тэксцік у жж, суседства з калегамі з розным узроўнем прыемнасці ўзаемаадносін (думаю, гарманічныя калектывы, у якіх розныя людзі вымушаныя збегам абставінаў, а не выбарам сэрца, кантактаваць паміж сабою штодня, -- рэдкая штука). У адваротным выпадку мне шкада гэты легіён.

А ўвогуле цяпер адна з дзвюх найлюбімейшых пораў году - нясціплы, бурны травень. Варта схадзіць у батанічны сад, каб палюбавацца на іх калекцыю цюльпанаў.

arbeit macht frei, Людзі

Previous post Next post
Up