Have fun :)

Dec 12, 2009 00:55

Напярэдадні ад’езду ў Бельгію на мэйл прыйшоў ліст з пажаданнем запомніць Брусэль такім:


Як і прадчувала, уражанні аказаліся крыху іншымі, але не значыць - горшымі. Перад ад’ездам вырашыла разабрацца з адной падвіслаю справаю. У выніку, калі а трэцяй гадзіне ночы села ў таксоўку, каб ехаць у аэрапорт, то пашкадавала, што не ўзяла з сабою настоечку пустырніка для спакою цэнтральнай і перыферычнай нервовай сістэмы. Але для такіх як я ў дзікім аэрапорце “Мінск-2” ёсць “аптэка” з назваю “duty free” і Бехераўкаю ў асартыменце седататыўных сродкаў. Далей -- зусім пра іншае.
- - -
Тут штодня імжыць дожджык, цёпла: за тры тыдні да Новага году на вуліцы месцамі цвітуць кветкі, а некаторыя паненкі ўсё яшчэ ходзяць не ў ботах, а ў туфлях. У крамах і кавярнях слых лашчаць звароты “mademoiselle” ці “madame”. Але жыць у гэтым горадзе дакладна не хацелася б. Не душэўны ён. Чыноўніцкі, так сказаць. Яшчэ ў Брусэлі, у параўнанні з Мінскам, мала зеляніны, дрэў. Невялікія паркі, вузкія вуліцы, хаця за апошнім тоіцца свой шарм:) Горад невялікі: у большасць месцаў можна патрапіць пешшу цягам паўгадзінкі.

Натуральна, трэба напісаць пра трывіяльныя сімвалы Бельгіі і Брусэлю: шакалад, пісаючага хлопчыка і піва. Шакаладу тут да халеры - смачны, але дарагі. Піва таксама некалькі соцен гатункаў. Пакаштавала парачку - нічога так. Увогуле тыдзень задаўся алкагольны, але без перабору. Хаця, калі так пажыць з месяц-другі, то можна і зарабіць алкагалізм. У бельгійцаў нармальна выпіць келіх віна за абедам, а ў сталоўцы Еўракамісіі замест кампоту - разлітае па шклянках віно. От і думай, што гэтыя еўрапейскія чыноўнікі могуць напрымаць пад уздзеяннем чырвонага ды белага :) Няма на іх дырэктыў і дэкрэтаў :)
Пісаючы хлопчык мяне не ўразіў.


Парадавала, што ёсць гендэрны баланс, то бок пісаючая дзяўчынка.
Але дыскрымінацыя ўсё ж ёсць. Хлопчыка апранулі ў касцюмчык св. Мікалая, дзяўчынка - голая, а зіма ж на вуліцы як ніяк :) Дарэчы, знайсці яе не так проста ў завулках горада, сама скульптурка - чыясьці прыватная ініцыятыва.



Уражвае колькасць арабаў, неграў ды іншых прадстаўнікоў неарыйскіх народаў на вуліцах. Яны ж, відаць, на 90 працэнтаў забяспечваюць сферу абслугі. У туркаў кухня так сабе. В’етнамцы-кітайцы гатуюць смачней і больш вытанчана. У індыйскай кавярні, пачуўшы выгукі “водка” аднаго з беларускіх таварышаў, афіцыянт (сказаў, што ён гаспадар) заявіў, што можна звяртацца да яго па-руску. Расказаў, што меў “турыстычную вандроўку па Беларусі” і жыў у гатэлі “Спутнік” у Мінску. Дарэчы, знаўца Мінска аказаўся з Бенгаліі, а кажуць, што ніхто не ведае такой краіны, як Беларусь :)

Шакалад я набывала, як выявілася, у балгаркі. Яна, праўда, не адразу зразумела, што такое Беларусь. А шакалад у выніку аказаўся швейцарскім, але не горшым за бельгійскі.

- - -
Гавораць, што хто не бачыў Бруге, той не бачыў Бельгіі.

Таму, каб пасля не было сорамна за бязмэтава пражытыя гады, выправілася ў вольны ад еўрапейскіх чыноўнікаў час у гэты гарадок. Квіток за дзевяць еўра ў два бакі - і вы ў мясцовай Венецыі.


Маленькі, сімпатычны гарадок з казачнымі домікамі і мноствам каналаў. У такія месцы добра ездзіць удвух - прыгожа, утульна, рамантычна.

Аднак жа там няма галоўнага - мора.

- - -
Мора ёсць ў Остэндэ. Туды мы дабраліся ўжо прыцемкам. Але, менавіта ў гэтым месцы спраўдзілася пажаданне “запомніць Бельгію такой”, то бок бесклапотна-шчасліва дзіцячай. Бяскрайняе мора з белымі грабенчыкамі хваляў замест гарызонту пераходзіць у чорнае неба, а над галавою зоры, і халодны пранізлівы вецер.


Цяжка сказаць, што з гэтага набору паўплывала на настрой, але было моцнае адчуванне шчасця. Так было ў дзяцінстве. Калі табе проста хораша і весела, і няма думак пра ўчорашні дзень, і пра заўтрашні. Проста у дадзены момант, тут і цяпер - добра.

Вецер Паўночнага мора някепска прамывае мазгі. Ужо пасля падумала, што насамрэч шчаслівымі мы бываем тады, калі ў нас прачынаюцца дзеці. Бо для дзяцей няма ўмоўленасцяў, іх галовы яшчэ вольныя ад рамак, межаў, выбудаваных правілаў прыстойнасці ці дазволенасці. Дзеці шчаслівыя сваімі жаданнямі і марамі, існым момантам і яшчэ, відаць, упэўненасцю, што іх будучыня ў нейкай далёкай перспектыве будзе светлай, і спраўдзяцца ўсе мары. ... А калі хваля цябе абганяе, халодная вада крыху прасочваецца ў боты. І рукі мерзнуць, і пахне морам... Ужо па вяртанні па ўзбярэжжы назад, пачаўся адліў. Мора, што было гадзіну таму было пад тваімі нагамі, ці твае ногі былі ў моры, было далей.

У начным і пустынным Остэндзе знайшлася кавярня, дзе мне прынеслі каву і дэсерт, паліты самаробнай шакаладнай падліўка. І шакалад па смаку быў дакладна такі, як той, што я рабіла сабе ў дзяцінстве. Я не веру ў выпадковасці.
Марская соль размытаю хваляю з белым грабенчыкам праступала на скуры ботаў яшчэ два дні. А цяпер на маім стале ляжаць ракавінкі і дзіўны камень, як быццам спаяны з двух кавалкаў.
- - -
Я не буду пісаць пра кантраст і адчуванні, якія з’яўляюцца, калі вяртаешся ў шэры і змрочны аэрапорт Мінск-2. Я скажу, што вельмі важна, каб цябе чакалі тут. І памяталі дату твайго вяртання. І пыталіся, як даляцела (хаця варыянтаў толькі два -- ці даляцела ці не), гаварылі, што засумавалі і хочуць цябе бачыць. Гэта важна.

Have fun :)
Ніколі нельга адмаўляцца ад сябе.

ЗЫ. Частка фота -- з нэту. Але ўсё было менавіта так, і нават лепш.

Мой сьвет, Вандроўкі, Чужая душа - пацёмкі

Previous post Next post
Up