Сучасныя “ызмы”

Oct 21, 2008 14:55

У аўтобусе вызвалілася вольнае месца. Толькі на сядзенне прысеў хлопец-в’етнамец, як нейкі мужык схапіў яго за рукаў са злосным шыпеннем “Куды прэш, чурка?!!”. І тут жа галантна дапамог уладкавацца жанчыне з мыліцаю на сядзенні. В’етнамец проста не заўважыў, што недзе ў натоўпе стаяла гэтая жанчынка. Не заўважыла яе і я, і гэтак жа магла б памкнуцца прысесці на вольнае месца. Але наўрацці пачула б у свой адрас злоснае “бульбяшка”...

***
Сяброўка, сучасная адукаваная дзяўчына, са шчырым здзіўленнем і абурэннем у голасе гаворыць: “Замуж за габрэя??? Зусім з’ехала з глузду!!!”. Разумею, што ніякія аргументы наконт таго, што хлопец можа быць цудоўным чалавекам, не здольныя змяніць яе перакананне. Габрэй - не варты таго, каб стаць сябрам і спадарожнікам па жыцці.

***
Пляменніца - разумнічка, адна з лепшых вучняў школы, прывабная дзяўчынка з тонкім станам кіпарыса. Аднакласнікі дражнілі яе “чурка”. Дзяўчо ўсяго-та “узяла” ад бацькі шырокія скулы і крыху раскосы разрэз вачэй.

***
Каля месца растрэлу габрэяў ў Менску, дзе цяпер месціцца мемарыял “Яма”, інтэлегентная жанчына бязгучна, аднымі вуснамі расказвае: “Я вязень мінскага гета. Мяне, трохгадовую дзяўчынку, таемна вывезлі адтуль. Расла ў інтэрнаце. У мяне няма ні імя, ні прозьвішча, ні сваякоў...”.

Негатыў, Людзі

Previous post Next post
Up