Допіс зусім не аб тым...

Jan 17, 2008 21:20

Хацела напісаць харошы цёплы пост, а прачытала пра сёньняшнія суды над моладзьдзю і думкі ў іншы бок скіраваліся. Як добра, што сёньня я не працавала. Можа, гэта і гучыць эгаістычна, але пасьля такіх закідаў айчыннай судовай сыстэмы хочацца кінуць журналістыку. Нічога ня чуць і ня ведаць. Жыць як жыве большасьць беларусаў. Бо найгорш - пачуцьцё ўласнага бясьсільля. Кожны раз пасьля гэткіх судзілішчаў некалькі дзён хаджу з унутраным адчуваньнем таго, што ў гэтым канвэйеры я - ніхто, я нічога не магу зьмяніць і нічым не магу рэальна дапамагчы гэтым людзям.

Мінулым летам на час свайго адпачынку зьехала ў невялікі гарадок, рабіла рамонт у доме маці. Штодня я хадзіла па ціхіх нешматлюдных вуліцах гарадку, езьдзіла з цёткамі і дзядзькамі, што працуюць на мясцовым заводзе, у аўтобусе. Вечарам, калі ад стомы балела ўсё цела, я глядзела на местачкоўцаў, што ехалі з завадзкой зьмены і разумела: ім не патрэбны плён маёй працы. Яны прыяжджаюць дадому страшэнна стомленыя і хочуць цішыні, іх задавальняе бубненьне беларускіх дыктараў пра “бітвы за ўраджай” і “касьмічныя дасягненьні” Беларусі, бо па вялікім рахунку яны ня чуюць тое, што ліецца з дынамікаў тэлевізараў. Гэты гук для іх ня надта адрозьніваецца ад шуму цэху. І газэты большасьць набывае, каб чытаць праграму ды абвесткі “куплю-прадам”.

Мае родныя называюць мяне “маленькай БНФаўкай”, хаця я неаднаразова тлумачыла ім, што ніякага дачыненьня ня маю да гэтай партыі. Для іх мая праца -- несур’ёзная, нешта кшталту гульні, беларуская мова -- праява падлеткавага максымалізму, хаця гэты ўзрост даўно застаўся за плячамі. Падаецца, што многія беларусы адносяцца гэтак жа да “сьвядомай” беларускамоўнай купкі. Мы для іх - блазны, ці зьдзяцінеўшыя дарослыя, а хто ж з такімі лічыцца?

Людзі

Previous post Next post
Up