Кундэра і сьнежаньскі дождж :)

Dec 08, 2007 00:19

“Невыносная лёгкасьць быцьця” Мілана Кундэры - кніга, якая пакінула адчуваньне незавершанасьці. Фільм - харошы і гарманічны - паставіў кропку. Каб патрапіць на сэанс у “Перамогу”, давялося крышачку злоўжыць прафэсійнымі паўнамоцтвамі і знаёмствамі. Але кіно было таго вартае. Так проста пра цяжкасьць выбару, так проста пра пакуты асобы і цэлага народу.

Пасьля сэансу так дарэчы пайшоў дождж. Дробненькі і халодны. Не перадаць словамі, як прыемна гуляць у такое надвор’е, падстаўляць твар пад калючыя кропелькі вады, глядзець на плыні машын, якія разрываюць сьвятлом фар імжу. І мокры асфальт у праменях фар, і мокрыя галіны голых дрэў, і лужыны - усё да месца. Нічога лішняга на шляху да дому. Шэсьць кілямэтраў задавальненьня і ўнутранай супакоенасьці. Амаль каля дому мяне спыніў дзядзечка ў капелюшы-кацялку (часам таемныя знакі мы бачым там, дзе іх няма - для тых, хто чытаў Кундэру :) ). Праз шум вуліцы і свой настрой я не адразу зразумела яго пытаньне. А было яно простае: “І дзе зараз усе хлопцы?”. Пажадала яму добрай ночы. Надта доўга тлумачыць, што бываюць моманты, калі адной так добра, што нікога побач бачыць і ні хочацца.

І зараз, адаграваючыся гарачай гарбатай і яшчэ адчуваючы прыемны боль у кончыках пальцаў, што адыходзяць ад холаду, магу сказаць адно:

“Шчасьце ёсьць. Шчасьце быць”.

ЗЫ. Хто ў тэме -- дзякуй за кампанію :)

Мой сьвет, Мастацтва, Чужая душа - пацёмкі

Previous post Next post
Up