Такое рознае каханьне

Oct 02, 2007 14:09

Вечарам у аўтобусе зьвярнула ўвагу на адну пару. Дакладней, іх проста немагчыма было не заўважыць. Столькі шчырай пяшчоты, замілаваньня, захапленьня і каханьня у рухах і позірку мужчыны я ня бачыла даўно. Яна - русявая з пульхнымі шчочкамі, сьветлым тварыкам - сарамліва глядзела ў вочы свайму спадарожніку. Крыху зьбянтэжана ўсьміхалася. Было ўражаньне, што нават месца, дзе яны сядзелі больш асьветленае, ды ахінутае нябачным покрывам ад рэаліяў заводзкага раёну (пацаны ў спартовых штанах ня першай сьвежасьці з півам у руках, стомленыя жанчыны ва ўзросьце “далёка за...”).

У Менску кожны дзень сустракаеш парачкі: нахабна-распушчаныя (найчасьцей тынэйджэры), стрымана-пяшчотныя (маладыя людзі год па 25-30), парнаграфічна-адкрытыя (і ён і яна маюць за плячыма вялікі досьвед інтымнага жыцьця), паважліва-ветлівыя (такія пажылыя пары сустракаюцца вельмі рэдка, але назіраць за імі заўсёды прыемна)... Але ТАКУЮ сьветлую пару, мне падаецца, я даўно ня бачыла...

Ён і яна, Пазытыў, Людзі

Previous post Next post
Up