Лету, ідыёцкаму, вырашальнаму. Якога і не было.
І Вольцы, дзякуючы якой я маю не толькі альбом Лейтана.
***
Я летняя
тонка рэжу апошні лімон,
паўтараю за Джымам come on
(ён - мне, я - яму... ці каму?)
і лезу пад коўдру з альбомам Лейтана
разглядаць, як з эпохі ў эпоху
па лёзах мячоў і па кветках чартапалоху
вандруе міс Прыгажосць.
Летняе я
пакуль яшчэ ёсць
на старонках праўдзівых легендаў
уперамешку са здымкамі фрэндаў
(Алена, напрыклад, на piazza з чарговым palazzo),
але, як ні хоча, не можа застацца.
Пасля невыноснай фальшывасці
некалі родных табе інтанацый
чыстай нотай гучыць
маўчанне
летняй мяне.
Гартаю альбом, і раптам - лімон Манэ!
Закладка, якую паклалі, каб не забыць
перагледзець любімы эскіз,
і адразу забылі -
які нечакана прыемны сюрпрыз!
Дзякуй, міс!..