соня і кішэннікі

Dec 01, 2014 14:48


Аднойчы Соня паехала на поўдзень з сяброўкай Таняй. Яны доўга выбіралі месца. Доўга пераносілі даты і нарэшце паехалі. Соня як больш адказны чалавек, адчувала, што павінна ў крытычныя моманты прымаць рашэнне за абеіх.
І вось яны прыляцелі ў курортны горад. Удваіх падыходзяць да транспарту, што мусіць даставіць іх да гатэлю. Там ужо стаяла вялізная чарга па квіткі.
- Ты ўпэўнена, што мы мусім квіткі купляць менавіта тут? - спытала Таня.
Соня зусім не была ўпэўнена, але кіўнула сцвярджальна. У такія моманты у яе, відаць, не атрымлівалася быць пераканаўчай. Таму, напэўна, сяброўка пайшла шукаць, дзе квіткі можна набыць без такой доўгай чаргі.
Застаўшыся сама, Соня адразу прыняла сваю чакальную постаць. Раптам вакол з'явіліся маладыя хлопцы і дзяўчынкі з бэджамі асістэнтаў грамадскага транспарту і пачалі ветліва распытваць турыстаў, каму куды патрэбна. Яны нават сталі паказваць, што там недалёка можна таксама набыць квіткі.
Соня спачатку падумала, што гэта добры сервіс, што менавіта такога і не хапала, ад думкі, што хтосьці клапоціцца пра бедных турыстаў, ёй нават стала цяплей, а потым яна ў думках нават паругала Таню, што тая сышла, і цяпер, каб не згубіцца, яе трэба чакаць тут. І зноў прыняла сваю чакальную постаць.
Хтосьці нават паспеў скарыстаць парадай асістэнтаў, як раптам пачаўся гвалт і шум. Усе кінуліся ў россып. За юнакамі цяжка пабеглі хлопцы ў паліцэйскай форме. Усе вакол загаласілі пра "кішэннікаў". Два паліцэйскіх міма Соні правялі зусім маладое дзяўчо, якая яшчэ толькі што была сярод "асістэнтаў". Бы зацкаваная, яна глядзела навокал, але на строгі допыт адказвала спакойна.
Соня ўспомніла, як толькі што паверыла гэтым хлопцам і ўсміхнулася сваёй наіўнасці.
Хутка падышла Таня.
- Ты бачыла кішэннікаў? - спытала Соня.
- Міма мяне нехта прабег, але я не сцяміла, - адказала Таня.
Яна знайшла той самы транспарт, які ім быў патрэбны, і там таксама можна было купіць квіткі. Соня, выявілася, стаяла зусім не там. Яны вырашылі пайсці бліжэй да правільнага аўтобусу і купляць квіткі ў спецыяльным аўтамаце.
Людзей там было не менш, а нават больш. Вакол гучала замежная гаворка. Але не вяртацца ж назад!.. Соня зноў прыняла сваю чакальную постаць.
Калі чарга да аўтамата прыйшла, то зноў з'явіліся асістэнты. Ад іх нахабнасці Соня ледзь не папярхнулася. Адзін чарнявы хлопец з чыстымі як лёд вачыма стаў побач і пачаў паказваць на экран. Соня ўтаропілася ў яго руку, якую хлопец трымаў у кішэні і прамармытала:
- Адыдзі ад мяне!..
- Ты чаго? Яны тут працуюць... - сказала Таня. А суседняя сям'я з нейкай паўднёвай краіны пачала распытваць хлопца пра нейкія асаблівасці іх дарогі.
Аўтамат не спрацоўваў, Соня нервавалася, касілася то на руку ў кішэні, то на халодны лядовы позірк хлопца-"асістэнта". Яна чамусьці была ўпэўнена, што варта ёй узняць скандал, то абвінавацяць яе саму. Нарэшце ўсё атрымалася, яна з абглягчэннем схапіла сумкі і адцягнула іх і Таню далей ад чортава аўтамата.
Хлопец нешта крычаў услед, але Соня ўжо не абярнулася.

соня

Previous post Next post
Up