Jun 21, 2013 10:23
Для нас, літвінаў польскай культуры ў РБ, вельмі важна стварыць мясцовую і актуальную версію той культуры, якая карані свае мае ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, але арыентуецца хутчэй на "краёвасць" пачатку ХХ ст., чым на польскі або беларускі нацыяналізм. З іншага боку, з усіх падручнікаў гісторыі вядома, што "краёвасць" была утопіяй і не мела ніякіх палітычных перспектыў. Бадай, так. Бяссэнсоўна спрачацца з логікай папуляцыйна-эвалюцыйных механізмаў, якія, магчыма, былі закладзеныя яшчэ ў момант Вялікага Выбуху.
Але абсалютная большасць людзей у любы момант гістарычнага часу - не маюць ніякіх палітычных перспектыў, бо ніколі не займаюць ніякіх уладных пасад, і да іх меркавання ніколі не прыслухоўваюцца пры прыняцці дзяржаўных рашэнняў. Тым не менш яны жывуць, ствараюць культурныя артэфакты, нараджаюць і гадуюць дзяцей. Так што такім як мы, палітычна адсталым і бесперспектыўным, што ад выбараў, пікетаў і дэманстрацый паслядоўна ўхіляюцца, найлепей пасуе менавіта палітычна бесперспектыўная "краёвасць".
Усведамленне сваёй абмежаванасці і мінарытарнасці - гэта наша адносная палёгка ад болю і фрустрацыі, наша малітва, наш фантомны імунітэт, наш лапік асабістай духоўнай прасторы, вольны ад прэтэнзій нацыяналістаў, лібертарыянцаў, і любых іншых таталітарных ідэйных сістэм, якія адначасова ашчасліўліваюць мільёны стандартызаваных людзей, уведзеных у аргіястычны транс. Мы не ведаем нават, ці зможам ашчаслівіць саміх сябе. Мяркую, мы шмат у чым падобныя на першых фарысеяў эпохі Хашманеяў, але змешчаных у іншы хранатоп, клімат, эканамічныя і культурныя рэаліі. Усе гэтыя рэаліі дадзеныя нам звыш, мы іх шануем (некаторыя нават любім) і выказваем паслушэнства ўладзе, наколькі яна не спрабуе навязаць свае каштоўнасці нашым сем'ям, наколькі ёй хапае сваё вялізарнай і без нас публічнай прасторы.