Топ-10 за 2010: версія выдавецтва "Логвінаў"

Jan 16, 2011 23:05

Пост №1. Услед за "Нашай Нівай", мы вырашылі зрабіць рэйтынг дзесяці самых цікавых выданняў 2010 году. Хіба зрабілі мы тое на свой капыл. Такім парадкам,

Найлепшыя кнігі 2010, надрукаваныя ў выдавецтве "Логвінаў"

Кнігі ацэньваліся паводле двух крытэраў: продажы ўзважваліся асабістым меркаваннем работнікаў выдавецтва і кнігарні.

Забягаючы наперад: на першым месцы нашага Топ-10 зусім небеларускі аўтар.



10. Дж. Р.Р. Толкін. Каваль зь вялікага Вутану. Казка. Пераклад з ангельскай Антона Францішка Брыля. 28 старонкі.



Усім талкіністам, якія ўжо паспелі выгадаваць дзетак, прысвячаецца;

Высвятляецца, што Толкін напісаў не толькі “Уладара Пярсцёнкаў”. Гоблінаў у “Кавалі” шчыра прызнаемся, малавата, хобітаў увогуле няма, але чараўніцтва ад гэтага ў казцы не паменела.

Дзіцячае выданне з каляровымі ілюстрацыямі.

9. Макс Шчур. Амальгама. Вершы. 142 старонкі.



Палітычны эмігрант і аўтар літаратурна-культуралагічнага сайту “Невідочнае места” Макс Шчур, які шмат гадоў жыве ў Чэхіі, выдаў зборнік вершаў. “Бяздомны паэт, для якога домам сталася сама паэтычная мова” - піша пра яго ў прадмове Ігар Бабкоў.

Паэтычная біяграфія Шчура: ад ранняга Маякоўскага, праз Лорку і сюррэалістаў у кірунку класічных формаў.

8. pARTisan. Альманах сучаснай беларускай культуры. Выпуск 11 - 2010. 82 старонкі.

Паводле словаў рэдактара Артура Клінава, 11-ы выпуск альманаху прысвечаны “вяртанню Фёдара Дастаеўскага на радзіму”. Сюды Фёдара Міхайлавіча вярталі Сяргей Дубавец (“Дзядзя Федзя з’еў мядзведзя”) і Юлія Гафарава (“Фёдар Дастаеўскі і расейскі каланіяльны дыскурс”). Акрамя непрыхаванай дастаеўшчыны, у гэтым нумары: інтэрв’ю з Вячаславам Новікавым, рэдактарам часопісу “Идиот” і гутарка з салісткай кабарэ-бэнду “Срэбнае вяселле” Святланай Бень.

Як заўсёды pARTisan аздоблены ўзорамі сучаснага выяўленчага мастацтва.

7. Уладзімір Арлоў. Ля Дзікага поля: Гістарычныя апавяданні. Аповесць. Эсэ. 302 старонкі.



Пасля кнігі паэзіі “Усё па-ранейшаму…” Ўладзімір Арлоў выдаў свой “зэ бэст” празаічных ( а часам, у дадатак гістарычных) твораў. Тут: “Каханак яе вялікасці” “Ордэн Белай Мышы”, аповесць”Сланы Ганібала” і эсэй “Мой радавод да пятага калена…”

6. Наталка Харытаню. Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката. Кароткая проза. Серыя “Галерэя Б”. 98 старонак.



Дэбютная кніга пісьменніцы Наталкі Харытанюк. Звярніце асаблівую ўвагу на ававяданне “Кабала”, міні-псеўда-дэтэктыў з выхадам у экзістэнцыю.

5. Андрэй Хадановіч. Несымэтрычныя сны. Вершы. Сэрыя “Кніга+аўдыё”. 118 старонак.



Гэта “Андрэй Хадановіч+”: +дыск, +жыццёвы досвед, +”10 спосабаў быць выцягнутым з ложка дзяўчыны”.

4. Алесь Разанаў. Воплескі ДАЛАНЁЮ адною. Пункціры.



Арт-праект класіка белмадэрнізму Алеся Разанава. Лірычныя карацелькі, якія нагадваюць узоры японскай кароткай паэзіі.

І вось яна, прызавая тройка:

3. Вольга Такарчук. Правек ды іншыя часы. Раман. Пераклад з польскай Марыны Шоды. 240 старонак.



Гэта гісторыя Польшчы ў мініяцюры. Як невялічкая вёска Правек перажывае незалежнасць-рэжым Пільсудскага-Пакт Молатава-Рыбентропа-Другую ўсясветную-ПНР-Салідарнасць-светлую капіталістычную цяпершчыну. Акрамя сялянаў, памешчыкаў, ксяндзоў, у рамане дзейнічаюць рускія і польскія шаманы, арханёлы і Пан Бог. Усе разам ствараюць даволі такі рэалістычны містыцызм, выбачайце, містычны рэалізм.

Нарэшце зорка польскай літаратуры прабілася на беларускія кніжныя паліцы. Прабілася ў перакладзе Марыны Шоды, якая тое самае колькі гадоў таму зрабіла з іранічным Паўлам Гюле (“Мэрсэдэс-Бэнц”).

2. Вольга Бабкова. …І цуды, і страхі. Эсэ па гісторыі штодзённасці ВКЛ ХVI-XVII стст. Серыя “Галерэя Б”. 150 старонак.



Высвятляецца, што гісторыю Беларусі рабілі не гетманы і не волаты Адраджэння, і нават не вялікія князі, а аптэкары, ліхвяры, сталяры дыіншыя шараговыя месцічы.

Вольга Бабкова пасядзела ў архівах і напісала пра старадаўні Менск і іншыя нашыя месты з гледзішча судовых кніг. Высвятляецца: продкі гэтаксама як мы спрачаліся па дзелавых пытаннях, пракручвалі неверагодныя афёры, біліся па п’яні, сардэчна мірыліся, жарсна любіліся і нават нецэнзурна лаяліся.

Незаслужана нераскручаная кніга. Рэкамендуецца літаратурным гурманам. “…І цуды, і страхі” аздоблены слоўнічкам старой добрай старабеларускай мовы.

1. Мікаэль Ніемі. Папулярная музыка зь Вітулы. Раман. Пераклад са швэдзкай Вольгі Цьвіркі. Сэрыя “Кнігарня “Наша Ніва”. 314 старонак.



Нязвыкла бачыць на першай пазіцыі небеларускага і сучаснага аўтара. Але гэта так. І продажы гэта толькі пацвярджаюць. Шведскі фін Мікаэль Ніемі сваімі расповядамі пра гарачае скандынаўскае падлеткаўство з неверагоднай колькасцю снегу і алкаголю разбудзіў у сэрцах беларускіх чытачоў гарачы водгук. Ну, вельмі жыццясцвярджальная кніга. Намбер Ван нашага Топ-10, адным словам.

навіны, кнігі

Previous post Next post
Up