Гісторыя пра Мушкіла Гушу

Jan 07, 2021 16:38


Гісторыя Мушкіла Гушы

Даўно-даўно, не за тысячу міль адгэтуль, жыў бедны стары дрывасек, жонка ж яго памёрла і засталася толькі малая дачка. Кожны дзень ён ішоў ў горы, каб насекчы дроў, якія прыносіў дадому і звязваў у вязанкі. Потым ён снедаў і ішоў у бліжэйшы горад, дзе прадаваў свае дровы, трошкі адпачываў перад вяртаннем дахаты.

Аднаго дня, калі ён павярнуўся дадому запозна, дзяўчынка сказала яму: “Тата, часам мне хочацца, каб у нас было хоць трошкі лепшай ежы, каб яе было болей і яна была больш разнастайнай.”

“Добра, маё дзіцятка”, - адказаў стары, - “заўтра я ўстану дарана, пайду далей у горы, дзе больш дроваў, прынясу іх болей, чым звычайна, вярнуся дадому раней, каб іх звязаць раненька, і пайсьці ў горад, прадаць дзеля таго, каб атрымаць болей грошаў і мець магчымасць прынесці табе разнастайнае ежы”

Наступнаю раніцай дрывасек ўстаў да золаку і пайшоў у горы. Ён цяжка працаваў: рэзаў дрэвы, ацярэбліваў іх, звязваў у вялікі тузень, які ўзваліў сабе на спіну і пайшоў дахаты. Калі ён прыйшоў да сваёй хаціны, было ўсё яшчэ вельмі рана. Ён паклаў свой цяжар на зямлю і пастукаў у дзверы, прыгаворваючы: “Дачушка, дачушка, адчыні дзверы, я галодны і хачу піці, мне патрэбна падсілкавацца перад тым, як ісці на рынак”.



Але ж дзверы засталіся закрытыя. Дрывасек быў такі стомлены, што лёг на зямлю і хутка заснуў каля сваёй вязанкі. Малая дзяўчынка, забылася на размову, што была ўночы да гэтага, і спала ў ложку. Калі ён прачнуўся праз некалькі гадзінаў, сонца было ўжо высока. Дрывасек пастукаў зноўку ў дзверы і сказаў: “Дачушка, дачушка, хутчэй ідзі сюды, я мушу трошкі пад’есці і ісці на рынак прадаваць дровы, ўжо і так пазней, чым я звычайна выходжу ў дарогу”.

Але, дзяўчынка, забылася на размову, што была ўночы да гэтага, тым часам устала, прыбралася ў хаце і пайшла пахадзіць. Яна зчыніла дзверы, і ў сваёй забыўлівасці вырашыла, што яе бацька яшчэ ў горадзе.

І тады дрывасек падумаў сам сабе: “Зараз запозна йсці ў горад. Таму я вярнуся ў горы і нарэжу яшчэ адну вязанку дроваў, якія я прынясу да хаты і заўтра аднясу падвойны цяжар на рынак”

Увесь дзень стары цяжка працаваў у гарах рэзаў дрэва і абсякаў галіны. Калі ён вярнуўся дадому з дровамі на спіне, ужо быў вечар.

Ён паклаў свой абярэмак каля хаты, пастукаў у дзверы і сказаў: “Дачушка, дачушка адчыні мне дзверы, я амяглы і я нічога не еў цэлы дзень. Ў мяне два абярэмкі дроў, якія я спадзяюся аднесці на рынак заўтра. Сёння ноччу я мушу выспацца, как набрацца сілы”.

Але адказу не было. Дзяўчынку, калі прыйшла дадому, пацягнула на сон. Яна згатавала сабе абед і пайшла ў ложак. Спачатку яна турбавалася, што яе таты дагэтуль няма дома, а потым вырашыла, што ён мусіў застацца ў горадзе нанач.

Нанова, дрывасек знайшоў, што не можа трапіць дамоў. Ён быў стомлены, галодны, яго мучыла смага. Лёг ён каля сваіх абярэмкаў дроваў і хутка заснуў. Яго палохала тое, што магло здарыцца з дачкой, але ж ён не мог не спаць.

Дрывасек, таму што ён замёрз, быў галодны і смагнуў, прачнуўся вельмі- вельмі рана на наступную раніцу, да золаку.

Ён сеў, азірнуўся навокал, ды нічога ня ўбачыў. І адбылося нешта дзіўнае. Дрывасеку падалося, што ён чуе голас, што прамаўляе да яго: “Хутчэй, хутчэй! Пакінь свае дровы і ідзі гэтым шляхам. Калі твая патрэба невялікая і дастатковая, ты будзеш мець смачную ежу”.

Дрывасек падняўся і пайшоў у накірунку голасу. Ён ішоў і ішоў, але нічога не знайшоў. Толькі яшчэ болей замёрз, яшчэ болей адчуваў сябе галодным і яшчэ болей стомленым, і да ўсяго яшчэ і заблудзіўся. Яго абнадзеілі, але гэта не дапамагло. Ён адчуў сябе самотна, і яму захацелася плакаць, аднак зразумеўшы, што слязьмі рады не дасі, ён лёг на зямлю і заснуў.

Але хутка прачнуўся. Было вельмі холадна, і стары вельмі згаладанеў, каб спаць. Ён вырашыў расказаць сам сабе, нібыта гэта была гісторыя, пра ўсё, што адбылося з ім з таго моманту, калі яго малая дачка ўпершыню сказала, што ёй хочацца разнастайнай ежы.

Толькі ён скончыў сваю гісторыю, яму падалося, што ён пачуў іншы голас, што гаварыў аднекуль зьверху, ад золаку: “Стары, што робіш, што сядзіш тут?”

“Я расказваю сам сабе сваю ўласную гісторыю”, - сказаў дрывасек.

“І пра што яна?” - спытаў голас.

Стары паўтарыў свой аповед. “Вельмі добра”, - сказаў голас. І потым голас загадаў старому дрывасеку заплюшчыць вочы і падняцца, каб зрабіць крок на прыступку. “Але ж я нідзе не бачу прыступку”, - адказаў стары. “Нічога, рабі, як я кажу”, - загадаў голас.

Стары зрабіў так, як яму наказалі. Як толькі ён заплюшчыў вочы то адчуў, што стаіць прама, ён ўзняў сваю правую нагу і адчуў, што пад ёй нешата падобнае да прыступкі. Ён пачаў падымацца па тым, што нагадвала лесвіцу. Нечакана прыступкі пачалі свой рух, вельмі хутка, і голас загадаў: “Не расплюшчвай вочы, пакуль я табе не скажу”.

Неўзабаве голас сказаў, каб стары расплюшчыў свае вочы. Калі ён гэта зрабіў, то знайшоў, што стаіць ў месцы, якое выглядала падобна да пустэчы, з сонцам, што ззяла над ім. Яго атачаюць крушні з рознакаляровых каменняў: чырвоных, зялёных, сініх і белых. Было падобна на тое, што тут ён адзін. Ён азірнуўся навокал, і нікога ня ўбачыў, але голас ізноўку звярнуўся да яго.

“Вазьмі столькі камянёў, сколькі здолееш, - сказаў голас. - А потым, заплюшчы свае вочы, і спускайся ўніз”

Дрывасек зрабіў так, як яму сказалі, і знайшоў, калі расплюшчыў вочы з дазволу голаса, што стаіць перад дзвярыма свайго дома.

Ён пастукаў у дзверы, і яго малая дачка адказала яму. Яна спытала пра тое дзе ж ён быў, і ён расказаў, канешне ж ёй было цяжка зразумець, яго аповед, таму што той пастаянна збіваўся.

Яны зайшлі ў хату, малая і яе бацька, сабралі рэштку ежы, што была ў іх, а гэта аказаліся сухія фінікі. Калі яны скончылі, старому падалося, што ён ізноў чуе той голас, што сказаў яму падымацца па лесвіцы.

Голас сказаў: “ Канешне ж ты дагэтуль не ведаў, што быў уратаваны праз Мушкілу Гушу. Памятай, што Мушкіла Гуша заўсёды тут. Паклапаціся, каб кожную ноч чацвярга ты з’ядаў трошкі фінікаў і частаваў таго, хто мае патрэбу, і расказваў яму гісторыю пра Мушкіла Гушу. Альбо давай падарунак у імя Мушкіла Гушы таму, хто дапамагае незаможным. Паклапаціся, каб гісторыя пра Мушкіла Гушу ніколі-ніколі не была забытая. Калі ты будзеш рабіць гэтак, і так будзе рабіць той, каму ты яе раскажаш, людзі якія маюць сапраўдную патрэбу заўсёды знойдуць свой шлях”.

Дрывасек паклаў ўсе камяні, што прынёс з сабою з пустэчы ў куце сваёй хаты. Яны былі вельмі падобныя на звычайнае каменне, і ён не ведаў, што рабіць з імі.

На наступны дзень ён аднёс свае неверагодна вялікія абярэмкі дроваў на рынак і прадаў іх з лёгкасьцю па высокім кошце. Калі ён павярнуўся дадому, то прынёс дачцэ разнастайных смачных страў, якія яна не каштавала ніколі. І калі яна ела іх, стары дрывасек сказаў: “А зараз я раскажу табе гісторыю пра Мушкіла Гушу. Мушкіла Гуша гэта “той, хто пазбаўляе, ад перашкод”. Нашы перашкоды былі пераадоленыя праз Мушкіла Гушу, і мы заўсёды павінны памятаць пра гэта”

Наступны тыдзень апасля апісаных падзеяў стары займаўся тым, чым займаўся звычайна. Ён ішоў у горы, прыносіў назад дровы, еў, адносіў дровы на рынак і прадаваў іх. Ён заўсёды без цяжкасці знаходзіў пакупніка.

Калі надышоў наступны чацвер, дрывасек забыў паўтарыць гісторыю пра Мушкіла Гушу, як гэта прынята ў людзей.

Гэтым вечарам, ў доме суседзяў дрывасека, агонь дагарэў. У іх не было нічога, што б дазволіла развесці яго нанова, і яны пайшлі да хаты дрывасека. Яны сказалі: “Суседе, суседзе, калі ласка, дай нам святла з тваіх дзівосных лямпаў, чыё зьзяньне мы бачылі праз акно”.

“Якіх лямпаў?” - спытаў дрывасек.

“Выйдзі на двор”, - сказалі суседзі, - “і ўбачыш, што мы маем на ўвазе”.

Калі дрывасек выйшаў, то ўбачыў, што сапраўды, ўсе колеры святла зьзяюць праз яго акно зсярэдзіны.

Ён зайшоў у дом і ўбачыў, што святло ільлецца ад крушні, што была ў куце. Але ж прамяні святла былі халодныя, і ад іх немагчыма было запаліць полымя. Ён вярнуўся да суседзеў і сказаў да іх: “Суседзі, даруйце мне, але у мяне няма полымя”. І ён ляпнуў дзвярыма прама перад іх насамі. Яны былі раззлаваныя і збянтэжаныя і вярнуліся дадому, мармочучы. Яны знікаюць з нашай гісторыі.

Дрывасек і яго дачка хутка закідалі бліскучае святло кавалкамі адзення, якія адшукалі, бо баяліся, што нехта ўбачыць, якім багаццем яны валодалі. На наступную раніцу, калі яны адкрылі каменні, то усвядомілі, што гэта святлістыя каштоўныя камяні.

Яны насілі дарагія камяні, адзін за адным, ў суседнія гарады, дзе прадавалі іх за вялікія грошы. Неўзабаве дрывасек вырашыў пабудаваць для сябе і сваёй дачкі ўражвальны палац. Ён абраў месца насупраць замка караля гэтай краіны. І ў хуткім часе значны будынак стаў на яве.

Менавіта ў гэтага караля была прыгажуня дачка, і аднаго дня, калі яна ўстала раніцою, то ўбачыла казачны замак, што стаяў насупраць бацькавага і яе замка і была вельмі ўражана гэтым. Яна спытала ў служкаў: “Хто пабудаваў гэтакі палац? Якое права маюць гэтыя людзі вырабляць такое каля нашага дома?”

Служкі пайшлі і даведаліся, вярнуліся і расказалі гісторыю, якую яны здолелі сабраць для прынцэсы.

Прынцэсса вельмі раззлавалася і паклікала малую дачку дрывасека, але як толькі дзьве дзяўчынкі сустрэліся і паразмаўлялі, то хутка пасябравалі. Яны пачалі сустракацца кожнага дня і хадзілі купацца і іграць ў вадаёме, створаным для прынцэсы яе бацькам. Праз некалькі дзён ад першай сустрэчы, прынцэса апранула прыгожыя і дарагія каралі і павесіла іх на дрэва, што стаяла ля вадацечы. Яна забыласая на тое, каб забраць іх, калі выйшла з вады, а вярнуўшыся дахаты, падумала, што, мабыць, згубіла іх.

Трошкі паразважаўшы, прынцэсса вырашыла, што дачка дрывасека скрала яе каралі. І яна расказала гэта свайму тату, а ён загадаў арыштаваць дрывасека, канфіскаваў яго замак і ўсё, што належыла дрывасеку. Старога кінулі за краты, а яго дачку аддалі ў сіроцкі прытулак.

У гэтай краіне быў такі парадак - праз некаторы час дрывасека вывелі з сутарэнняў і на галоўнай плошчы прыкавалі да слупа, з шыльдай на грудзях. На ёй было напісана: “Вось, што здараецца з тымі, хто крадзе ў каралёў”.

Спачатку людзі збіраліся навокал і кпілі зь яго, кідалі ў яго розныя рэчы. Ён быў вельмі беспатольны.

Праз некаторы час, як гэта прынята ў людзей, ўсе прызвычаіліся да відовішча старога мужчыны, што сядзеў на сваім месцы, і надавалі яму вельмі мала ўвагі. Зрэдку люді кідалі яму недаедкі, а зрэдку - не.

Аднойчы ён пачуў некага, які сказаў, што зараз поўдзень чацвярга. Нечакана, да яго прыйшла думка, што хутка будзе вечар Мушкіла Гушы, таго, хто пазбаўляе ад усіх нягод. У памяці старога ўсплыло тое, што ён не ўспамінаў Мушкіла ўжо шмат дзён запар. Як толькі гэтая здагадка прыйшла ў галаву, нейкі прыязны чалавек, ідучы паўз старога, кінуў яму дробную манету. Дрывасек звярнуўся да яго: “Велікадушны сябра, ты даў мне грошы, якія мне не ўдасца выкарыстаць. Аднак, калі твая дабрыня пашырыцца і ты прыдбаеш на іх адзін альбо два фінікі, вернешся, сядзеш і з’ясі іх разам са мной, я буду вечна табе ўдзячны.”

Чалавек пайшоў і купіў некалькі фінікаў. Сеў і яны елі разам. Калі ежа была скончана, дрывасек распавеёў чалавеку гісторыю пра Мушкіла Гушу. “Я думаю, што ты звар’яцеў”, - сказаў прыязны чалавек, ў якога было шмат сваіх непрыемнасцяў. Калі ён прыйшоў дадому пасля гэтага выпадку, то адкрыў для сябе навіну - усе яго праблемы зніклі. Што змусіла яго добра задумацца аб МушкілеГушу. Праўда, наша гісторыя на гэтым не заканчваецца.

Наступнай раніцою прынцэсса прыйшла да месца свайго купаньня. Калі яна ўжо збіралася увайсьці ў ваду, то ўбачыла што нешта падобнае на яе каралі ляжыць на дне вадазбору. І калі яна ўжо збіралася нырнуць, каб іх дастаць, то чхнула. Яе галава закінулася ўгару, і яна ўбачыла, што тое, што ёй падалося за каралі, насамрэч адлюстарванне ў вадзе. Яны віселі на галіне, на тым дрэве, на якім яна пакінула каралі шмат часу таму назад. Прынцэса ўзяла каралі і хутка пабегла да свайго бацькі, каб расказаць яму, што задарылася. Кароль выдаў загад, каб дрывасек быў вызвалены і яму былі прынесеныя публічныя перапрашэнні. Малая была вернутая з сіроцкага прытулку, і ўсе зажылі шчасліва.

Гэта толькі адзіны выпадак з гісторыі пра Мушкіла Гушу. Гэта вельмі доўгая гісторыя і ніколі не скончыцца. Ў яе шмат формаў. Некаторыя зь іх нават не называюцца гісторыяй пра Мушкіла Гушу ўвогуле, і людзі не здольныя распазнаць яе. Але ж гэта тая ж самая гісторыя пра Мушкіла Гушы ў якой бы форме і кім бы не ўспаміналася, і ў якой бы частцы свету, удзень ці ўночы, там дзе ёсць людзі. І яна заўсёды пераказвалася і будзе працягваць пераказвацца.

Ці будзеце вы расказваць гісторыю Мушкіла Гушы у ноч Чацвярга?

Previous post
Up