Серабранка-хорар

Mar 31, 2012 12:30

Ідзем з Элькай у школу. Калі стаялі на чырвоным светлафоры, падыйшла да нас бабуся, божы дзьмухавец.І пытаецца ў мяне, як даехаць да Серабранкі. Паказваю ёй прыпынак і напрамак трамваяў.
- Якая зімовая вясна, - кажа - але хутка ўжо сапраўдная вясна прыйдзе.
Я ёй проста ўсміхаюся, бо заўсёды так раблю, калі не ведаю, што адказаць.
Светлафор пазелянеў, і мы пайшлі. Я з Элькай хутчэй, яна - марудней. Дайшлі да прыпынку, якраз і трамвай падышоў, заходзім у трамвай, - а яна ўжо там сядзіць...
Элька ніколі не сядае да чужых людзей у транспарце, а тут адразу да яе падсаджваецца і пачынае ёй паказваць свае папяровыя тэлефоны, што рабіла ў садку, расказвае ёй вершык па-англійску пра вясну, лета, восень і зіму. А яна пытаецца, калі будзе прыпынак "Гараўца". "Праз два", - адказваю. І ціха дадаю, больш для сябе, чым для бабусі, што мы таксама там выходзім.
Выйшлі мы разам, Эльку я адвёў у школу і пакінуў там на яе бабуляў, што таксама прыехалі. Вяртаюся зноў да прыпынку. Удыхаю свежае паветра, вясна, канешна, незвычайная, але надвор'е ўсё ж такі прыемнае. Запальваю цыгарэту, чакаю трамваю. Добра жыць на свеце. Пра бабусю я зусім забыўся, як чую знаёмы голас:
- Ну вось я зноў з вамі сустрэлася. Вось як мне пашанцавала! Відаць, вы добры чалавек, што мне так дапамаглі.
Усміхаюся.
А яна наадварот чамусьці пасур'ёзнела і пытае:
- А што гэта за царкву тут будуюць?
- Гэта, відаць, каталіцкі касцёл.
- Ну добра, а я ўсё зрабіла, што трэба. - І паказваючы торбу. - Набыла сабе... касу. Ну бывайце! - падміргнула мне і ўвайшла ў трамвай.
Previous post Next post
Up